Беларуская Служба

Гістарычны парад, шоу беспілотнікаў і канцэрт — у нядзелю ў Варшаве адбудзецца Пікнік Тысячагоддзя

25.04.2025 15:16
Якія забавы прапануюць гасцям падчас Пікніка Тысячагоддзя ў Варшаве?
 ,            .
Гістарычны парад, шоу беспілотнікаў і канцэрт — у нядзелю ў Варшаве адбудзецца Пікнік Тысячагоддзя.Фота з адкрытых крыніц

Гістарычны парад, найбуйнейшае ў Польшчы шоу беспілотнікаў і канцэрт зорак польскай музыкі — Пікнік Тысячагоддзя адбудзецца ў Варшаве ў нядзелю, 27 красавіка. Краіна такім чынам святкуе 1000-годдзе каранацыі Баляслава Храбрага — першага караля Польшчы.

А 14-й гадзіне гістарычна-пазнавальны пікнік пачнецца на рацэ Вісла, у скверы Кахля   і ўзбярэжжы Касцюшкі (na Skwerze Kahla i Wybrzeżu Kościuszkowskim). Будуць тры тэматычныя зоны для сем'яў: сярэднявечча, сучаснасць і будучыня, — расказвае Мацей Шульвах з фонду OCR: 

— У зоне сярэднявечча, канешне, будуць групы рэканструктараў: рыцары, бітвы, рамёствы сярэднявечча. У зоне сучаснасці крыху пайшлі мы ў бок экалогіі, бо гэта патрэба сучаснага свету — будуць майстар-класы па рэсайклінгу, будуць будаваць домікі для насякомых. А ў зоне будучыні мы зможам адправіцца ў падарожжа на касмічным караблі, сесці за стырно рознага транспарту, які мы ведаем з фільмаў science-fiction.

А на бульварах побач з Віслай пройдуць спецыяльныя паказы моды праз стагоддзі.

У 19:00 на Свентакшыскім мосце пачнецца гістарычны парад. Гэта будзе сімвалічнае падарожжа праз 1000 гадоў польскай гісторыі. Шэсце ўзначаліць Першая прадстаўнічая рота Войска Польскага і Аркестр Войска Польскага.

Уваход на мерапрыемства бясплатны.

Канцэрт пачнуць трансляваць у нядзелю а 20:00 на TVP1 і анлайн на TVP VOD.

Першапачаткова пікнік тысячагоддзя быў запланаваны на суботу, але з-за пахавання Папы Францішка і нацыянальнай жалобы мерапрыемства перанеслі на нядзелю.

ІАR/вх