Беларуская Служба

76 гадоў таму ў Маскве адбылося першае паседжанне Савету эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ)

25.04.2025 19:59
Распаду СЭУ ў пэўнай ступені спрыялі выдача жаданага за сапраўднае і стварэнне непрацуючых інтэграцыйных праграм.
Аўдыё
  • 76 гадоў таму ў Маскве адбылося першае паседжанне Савету эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ)
     . , 1964
Паседжанне выканаўчага камітэту Савету эканамічнай узаемадапамогі. Масква, 1964 годкрыніца: Wikimedia/public domain

76 гадоў таму ў Маскве адбылося першае паседжанне Савету эканамічнай узаемадапамогі. Гэтая міжурадавая эканамічная арганізацыя дзейнічала ў 1949—1991 гадах. Яна была створаная па рашэнні прадстаўнікоў Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі. Штаб-кватэра СЭУ знаходзілася ў Маскве. Савет эканамічнай узаемадапамогі прадстаўляўся ў камуністычнай прапагандзе як арганізацыя, створаная ў адказ на амерыканскі план Маршала. Аднак насамрэч міжнародны орган быў чарговым элементам падпарадкавання краінаў сацлагеру Савецкаму Саюзу.

25 красавіка 1949 года ў Маскве пачалася першая сесія Савета эканамічнай узаемадапамогі, хоць пагадненне аб стварэнні СЭУ было падпісанае раней – у студзені 1949 года. Арганізацыя была элементам моцнага ўплыву савецкага Крамля на эканомікі краін сацыялістычнага лагеру. Структура імкнулася да таго, каб эканомікі краін-сатэлітаў былі адаптаваная пад патрэбы Савецкага Саюза.

У канцы 1940-х, на пачатку 1950-х гадоў Іосіф Сталін разумеў, што ў будучыні можа адбыцца канфлікт паміж Савецкім Саюзам і ЗША. Таму камуністычныя краіны ўдзялялі вялікую ўвагу развіццю цяжкай прамысловасці, што было асабліва важна для вайсковых патрэб сацлагеру.

Маскоўская штаб-кватэра СЭУ. Здымак з 2010 года. Крыніца: pl.wikipedia.org/Foma/CC BY-SA 4.0 Маскоўская штаб-кватэра СЭУ. Здымак з 2010 года. Крыніца: pl.wikipedia.org/Foma/CC BY-SA 4.0

Рэкамендацыі, якія ішлі з Масквы, не абмінулі і Польскую Народную Рэспубліку. Інвестыцыі ў польскую прамысловасць ажыццяўляліся ў рамках трохгадовых і пяцігадовых планаў.
У сярэдзіне 1950-х гадоў склалася своеасаблівая структура эканомікі Польскай Народнай Рэспублікі. Гэта было звязана з перавагай цяжкай і зброевай прамысловасці за кошт іншых галін, сельскай гаспадаркі і эканамічнай інфраструктуры. Нягледзячы на тое, што ў наступныя гады былі спробы змяніць гэтую структуру, яна захавалася практычна да канца існавання Польскай Народнай Рэспублікі. Планавая эканоміка была дрэнна прыстасаваная як да патрэб грамадства ПНР, так і да польскіх экспартных інтарэсаў.

Цягам існавання СЭУ яе членамі былі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, В'етнам, ГДР, Куба, Манголія, Польшча, Румынія, Савецкі Саюз і Чэхаславакія. Асацыяваным членам была Югаславія. У сваю чаргу краінамі-назіральніцамі ў СЭУ былі Ангола, Афганістан, Ірак, Паўднёвы Емен, Кітай, КНДР, Лаос, Мазамбік, Мексіка, Нікарагуа, Фінляндыя і Эфіопія.

Савет эканамічнай узаемадапамогі на практыцы быў арганізацыяй, якая кіравала падзелам працы эканомік сацлагеру. Згодна з гэтымі планамі, Польшча мела быць пастаўшчыком вугалю, коксу, цынку і металапракату ў ГДР, Чэхаславакію, Венгрыю і Савецкі Саюз.

У 1964 годзе быў уведзены так званы пераводны рубель, які стаў разліковай валютай у аперацыях, што заключаліся краінамі-членамі СЭУ. Валюта аднак не адпавядала асноўным крытэрыям правядзення міжнародных аперацый, таму што не мела рэальнай вартасці, а яе абменны курс штучна падтрымліваўся і вызначаўся ў адвольным парадку. Гаворыць гісторык, прафесар Павел Вечаркевіч (архіўны запіс Польскага радыё).

– У СЭУ існавалі вельмі складаныя сістэмы разлікаў, а Масква была перакананая, што ў выніку членства ў арганізацыі яна траціць эканамічна. Хоць, па праўдзе кажучы, у эканамічным плане трацілі ўсе краіны. СЭУ працавала паводле нейкіх нерэальных прынцыпаў і на валюце, якой не існавала, бо яе курс вызначаўся адвольным чынам.

За апошнія гады сваёй дзейнасці Савет эканамічнай узаемадапамогі паставіў сабе за мэту ўмацаванне працэсу сацыялістычнай інтэграцыі, які меў стаць адказам на ўсё больш шырокае супрацоўніцтва заходніх еўрапейскіх краін.

Распаду СЭУ ў пэўнай ступені спрыялі выдача жаданага за сапраўднае і стварэнне непрацуючых інтэграцыйных праграм.

Безграшовы гандаль, які на працягу дзесяцігоддзяў вялі краіны сацлагеру, прывёў да таго, што практычна ўсе члены СЭУ знаходзіліся ва ўпэўненасці, што іх падманваюць, і што іх краіна дае больш, чым атрымлівае.

Арганізацыя канчаткова спыніла сваё існаванне падчас распаду сацыялістычнага лагеру. Структура бала распушчаная 28 чэрвеня 1991 года ў адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным у Будапешце.

Валеры Саўко

слухайце аўдыфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу