Беларуская Служба

„Беларусбанк” і Банк развіцця падпісалі пагадненне па падтрымцы малога бізнесу

17.07.2019 08:03
У гэтым годзе „Беларусбанк” накіраваў на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу больш за 800 мільёнаў рублёў.
Амерыканскі доларpixabay.com/CC0 Public Domain

„Беларусбанк” і Банк развіцця падпісалі доўгатэрміновыя пагаднення аб супрацоўніцтве па Праграме фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паведамляе БелаПАН.

У межах праграмы будзе ажыццяўляцца фінансаванне ў беларускіх рублях, доларах ЗША і еўра як за кошт уласных рэсурсаў Банка развіцця, так і прыцягнутых Банкам развіцця рэсурсаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) і фонду імя Халіфы па развіцці прадпрымальніцтва (ААЭ), паведамляе сайт "Беларусбанка".

„Праграма накіраваная на аказанне падтрымкі індывідуальным прадпрымальнікам, зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь, мікра- і малым арганізацыям, а таксама суб'ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва ва ўсіх рэгіёнах краіны. Крэдытная падтрымка закране такія сферы, як стартап-кампаніі, падтрымка рэгіёнаў, сацыяльнае прадпрымальніцтва, жаночае прадпрымальніцтва і інш. Такі від фінансавання дазволіць у будучыні пашырыць развіццё дадзеных кірункаў у Рэспубліцы Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца таксама, што ў гэтым годзе „Беларусбанк” накіраваў на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу больш за 800 мільёнаў рублёў.

ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — спецыялізаваны фінансавы інстытут, створаны ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 21 чэрвеня 2011 года. Банк займаецца фінансаваннем праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы, інфраструктурных праектаў, а таксама праектаў, звязаных з мадэрнізацыяй дзейных прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, Банк развіцця праз камерцыйныя банкі накіроўвае рублёвыя рэсурсы на крэдытную падтрымку праектаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу.

аз