Беларуская Служба

Лукашэнка падпісаў закон аб зменах у Крымінальны кодэкс

23.07.2019 14:01
Законапраект аб унясенні паправак у шэраг кодэксаў быў прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі 2018 года.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: succo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон „Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Закон прадугледжвае ў тым ліку зніжэнне мінімальнай мяжы пакарання паводле частак 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркотыкаў).

Тэрмін пазбаўлення волі на падставе ч. 2 арт. 328 усталёўваецца ад 3 да 8 гадоў, а на падставе ч. 3 — ад 6 да 15 гадоў (раней — ад 5 да 8 і ад 8 да 15 гадоў адпаведна), паведамляе БелаПАН.

„Карэктаванне Крымінальнага кодэкса дазволіць судам у кожным канкрэтным выпадку больш разумна падыходзіць да прызначэння пакаранняў за злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў, з улікам усіх абставін іх здзяйснення”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Прыняты закон таксама прадугледжвае ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму нароўні з распальваннем расавай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

Акрамя таго, закон уводзіць крымінальную адказнасць за схіленне спартсмена да выкарыстання допінгу і за выкарыстанне ў дачыненні да спартсмена без яго ведама забароненых рэчываў або метадаў.

Законапраект аб унясенні паправак у шэраг кодэксаў быў прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі 2018 года. Папраўкі прадугледжвалі зніжэнне на два гады ніжняй мяжы пакаранняў паводле частак 2 і 3 „антынаркатычнага” артыкула. Аднак у снежні, пры разглядзе законапраекта ў другім чытанні, гэтыя папраўкі былі прыбраныя з законапраекта. Як растлумачыў тады член парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Васіль Чэкан, бакам не ўдалося дасягнуць згоды пры ўнясенні паправак у гэты артыкул. „Таму мы прынялі рашэнне выключыць іх з прынятага сёння законапраекта і разгледзець іх пазней, у рамках іншага праекта закона”, — сказаў ён.

2 красавіка гэтага года — у дзень адкрыцця вясновай сесіі парламента — група сваякоў асуджаных прыйшла да Дома ўрада, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі змен у антынаркатычны артыкул. Высветлілася, што Саўмін па-ранейшаму не ўзгадніў прапановы аб зменах у арт. 328 КК з-за пазіцыі МУС. Дзякуючы намаганням маці асуджаных удалося арганізаваць сустрэчу рабочай групы з прадстаўнікамі МУС і сваякамі зняволеных. У выніку 13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прагаласавала за прыняцце законапраекта ў другім чытанні.

Як растлумачыў БелаПАН пасля галасавання дэпутат Чэкан, пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны паводле частак 2 і 3 артыкула 328 КК, магчымы перагляд спраў. „Артыкул 9 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае, што закон, які змякчае пакаранне або іншым чынам паляпшае становішча асуджанага, мае зваротную сілу. Перагляд справы магчымы не аўтаматычна, а паводле хадайніцтва асуджанага. Рашэнне будзе прымаць суд, які будзе ўлічваць розныя фактары, у тым ліку ці стаў асуджаны на шлях выпраўлення”, — сказаў ён.

аз