Беларуская Служба

У Чэхіі завялі крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі за ўдзел у баях у Данбасе

23.07.2019 16:11
Абвінавачаны ў гэты момант ужо адбывае турмовы тэрмін за нанясенне цяжкіх пашкоджанняў.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чэшская пракуратура адкрыла справу супраць грамадзяніна Беларусі, які жыве ў Чэхіі, за ўдзел у баявых дзеяннях у Данбасе на баку „Данецкай народнай рэспублікі” („ДНР”). 

Пра гэта паведаміў у панядзелак журналістам прадстаўнік чэшскай Генеральнай пракуратуры Марэк Бодлак, інфармуе „Радыё Свабода”.

„Крымінальны пераслед замежнага грамадзяніна зь відам на жыхарства ў Чэхіі пачаўся сёлета ў ліпені”, - сказаў ён.

Беларускі грамадзянін, 40-гадовы Аляксей Ф., паводле Бодлака, ад 2014 да 2016 году неаднаразова выязджаў на ўсход Украіны. Там ён быў задзейнічаны ў баявых аперацыях у складзе частак сіл „ДНР”. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
Пад падазрэнне дэтэктываў з Нацыянальнага цэнтру барацьбы з арганізаванай злачыннасцю грамадзянін Беларус трапіў летась. Два тыдні таму быў абвінавачаны ў „тэрарыстычнай дзейнасці, у выніку якой магла быць нанесеная цяжкая шкода здароўю грамадзян”.

Абвінавачаны ў гэты момант ужо адбывае турмовы тэрмін за нанясенне цяжкіх пашкоджанняў.

У Чэхіі крымінальныя справы паводле абвінавачанняў ва ўдзеле ў баях на ўсходзе Украіны распачатыя супраць 15 грамадзянаў. Чэшскае заканадаўства забараняе грамадзянам краіны службу ў замежных узброеных сілах і ваенізаваных падраздзяленнях, якія былі задзейнічаныя ў баявых аперацыях. Забарона не пашыраецца на асобаў, якія атрымалі адпаведны дазвол ад прэзідэнта рэспублікі.

аз