Беларуская Служба

У Беларусі незаконна выкарыстоўваюць антыэкстрэмісцкае заканадаўства

02.08.2019 14:14
Пра такія выпадкі спецдакладчыку ААН паведамілі праваабаронцы з ПЦ "Вясна" .
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: succo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Праваабаронцы "Вясны" праінфармавалі Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях заахвочвання і абароны правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам Фіоннуалу Ні Аолайн (Fionnuala Ní Aoláin) пра выпадкі незаконнага выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Беларусі і пераслед грамадзян за публікацыю кантэнту, які, на думку ўладаў, можа прывесці да распальвання расавай, нацыянальнай ці іншай нянавісці і варожасці - паведамляецца на сайце Праваабарончага Цэнтру "Вясна".

«У апошнія гады праваабаронцы ўсё часцей дакументуюць выпадкі незаконнага выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства шляхам неабгрунтаванага прыцягнення людзей да адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў або матэрыялаў, раней прызнанымі такімі і уключанымі ў спісы экстрэмісцкіх, у тым ліку за рэпост такіх матэрыялаў і малюнкаў у сацыяльных сетках. У некаторых выпадках сітуацыя даведзеная да абсурду, калі аўтары прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за публічны паказ нацысцкай сімволікі ў антынацысцкіх карыкатурах. Такім чынам, антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі для барацьбы з іншадумствам і недапушчальна абмяжоўваюць свабоду слова.

З іншага боку, дзяржаўныя органы не прымаюць належных мер па прадухіленні і барацьбе з гвалтам і экстрэмізмам у грамадстве, паколькі незаконныя дзеянні, якія здзяйсняюцца супраць уразлівых груп, матываваных нянавісцю, праваахоўнымі органамі і судом не кваліфікуюцца належным чынам як злачынствы, учыненыя на падставе нянавісці, а не проста хуліганства ці іншыя матывы», - гаворыцца ў паведамленні.

Нядаўна прадстаўнікі вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый (БАЖ, БХК, ПЦ "Вясна" і Human Constanta) падрыхтавалі ў мэтах вывучэння і аналізу нацыянальнага антыэкстрэмісцкага заканадаўства і практыкі яго прымянення сумесны аналітычны даклад “Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека”.

Праваабаронцы крытычна ацанілі вызначэнне экстрэмізму ў нацыянальным заканадаўстве, парадак фарміравання і дзейнасці камісій, на якія ўскладзены экспертныя функцыі, стан грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства, а таксама заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць інтэрнэту.

У дакладзе апісваюцца выпадкі прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства і аб прыцягненні людзей да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Пра гэтыя выпадкі таксама праінфармаваная спецдакладчыца ААН.

нг