Беларуская Служба

Завод мяса для «МакДоналдсу» раззлаваў жыхароў Лагойску

04.08.2019 17:01
На скрыжаванні вуліцаў Індустрыяльная і Заводская ў Лагойску мае паўстаць мясаперапрацоўчы завод плошчай адзін гектар.
a
aPixabay

Гэтак мясная вытворчасць акажацца за некалькіх дзясяткаў метраў ад жылых дамоў, перадае Белсат.

Новы завод мае папоўніць шэрагі раней збудаванай у межах гораду сеткі прамысловых прадпрыемстваў. Мясцовыя жыхары сабралі чатырыста подпісаў супраць.
«У нас тут тры фармацэўтычныя заводы, завод па гальваніцы, «Амкадор»: тут выкіды. Вятры ў асноўным у бок гораду і накрывае ўвесь раён. Паставіць яшчэ адзін завод – гэта мяжа», – кажа адзін з жыхароў.

Завод збудуе кампанія «Фуд Таўн Бел», каб вырабляць мясныя паўфабрыкаты для сеткі хуткага харчавання «МакДоналдс» у Беларусі і пастаўляць прадукцыю за межы краіны. Падчас грамадскіх слуханняў, зарганізаваных у Лагойскім доме культуры, мясцовым жыхарам паведамілі: паколькі прадпрыемства не мае аналагаў на тэрыторыі Беларусі, то на яго не распаўсюджваюцца дзейныя санітарныя нормы. А калі няма нормаў, то няма і парушэнняў. Такіх, як адлегласць паміж жылымі дамамі і будучым заводам, што складзе прыблізна 30 метраў.

Людзей абурыў і той факт, што завод падлучаць да сістэмы гарадской каналізацыі. У той час як іхным дамам да яе доступу не даюць: маўляў, не стае каналізацыйных. Кампанія-забудоўнік не падзяляе засцярог мясцовых.

Кіраўніцтва гарадской адміністрацыі ў Лагойску абяцае разгледзець закранутыя падчас сходу пытанні, аднак не разумее сутнасці канфлікту.

Жыхары Лагойску звярнуліся з лістом да кіраўніцы прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Качанавай, а таксама да Лукашэнкі, аднак адказу не атрымалі.