Беларуская Служба

У Салігорску сабралі 1000 подпісаў супраць будаўніцтва новай царквы

12.08.2019 12:22
Аднак у БПЦ адмаўляцца ад будаўніцтва культавай спраруды не збіраюцца.
Cerkiew (zdjęcie ilustracyjne)
Cerkiew (zdjęcie ilustracyjne)IAR

Жыхары Салігорска за 4 дні сабралі 1 тысячу подпісаў супраць будаўніцтва царквы ў лесапарку побач з новым мікрараёнам №21, перадае ''Еўрарадыё''.  12 жніўня петыцыя з гэтай нагоды накіраваная ў Мінскі аблвыканкам і Салігорскі райвыканкам.

Яе аўтары сцвярджаюць, што ў горадзе ўжо зараз ёсць па адным прыходзе на кожныя 20 тысячаў насельніцтва, што з'яўляецца найвялікшым паказчыкам ва ўсёй Беларусі, таму яшчэ адна царква — тым больш у зялёнай зоне — не патрэбная.

“У нашым 100-тысячным горадзе гэта будзе ўжо дзявятая культавая забудова РПЦ, — распавядае мясцовая актывістка Наталля Трафімчук. — Навошта нам у горадзе столькі? Акрамя таго, яшчэ і пабудаваць плануюць у невялічкай лесапаркавай паласе, куды шмат хто ходзіць пагуляць. І гэты кавалачак зеляніны плануюць высекчы дзеля нікому не патрэбнай царквы”.

Аднак у БПЦ адмаўляцца ад будаўніцтва культавай спраруды не збіраюцца. Паводле каментара са Слуцкай епархіі, да якой належыць Салігорск, “праект будоўлі не прадугледжвае вырубку дрэў” і новая царква “закрывае пытанне аб далейшым заснаванні праваслаўных прыходаў у межах горада”. У епархіі паведамляюць, што зараз у горадзе дзейнічае толькі адзін праваслаўны храм — гарадскі кафедральны сабор, а за будаўніцтва храма ў мікрараёне №21 падпісалася 5 тысяч салігарчан.

эж