10 жніўня ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці ветэрынары выявілі захворванне каня на сібірскую язву. Жывёла належала жыхару вёскі Хотамель, паведамляе тэлеканал ''Белсат''.
Труп загінулага каня спалілі.
Спецыялісты займаюцца дэзінфекцыяй у агмяні заразнай хваробы, вакцынацыяй жывёлаў у вёсцы і вакол яе, назіраюць за іх клінічным станам.
Сібірская язва – асабліва небяспечная бактэрыяльная інфекцыйная хвароба. Пераважна паражае скуру. У асноўным на яе хварэюць траваедныя жывёлы – буйная і дробная рагатая жывёла, коні, вярблюды, свінні. Але таксама ёсць выпадкі захворвання людзей.
Як адзначаюць у Чэрыкаўскім райвыканкаме, у апошнія гады сібірская язва ў Беларусі рэгіструецца ў выглядзе адзінкавых выпадкаў, апошні выпадак гэтага захворвання рэгістраваўся сярод людзей у 1995 годзе, сярод жывёлаў – у 1999-ым.
эж