Беларуская Служба

Мiнскі суд адмовіўся заводзіць справу супраць Лукашэнкі

13.08.2019 14:11
Адказ з суду атрымала заяўніца, якая падавала скаргу на Аляксандра Лукашэнку.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Мiнскі суд адмовіўся заводзіць справу супраць Лукашэнкі. Пра тое, што 20-гадовая студэнтка менскага ВНУ Лізавета падала ў суд скаргу на Аляксандра Лукашэнку, стала вядома ў пятніцу 9 жніўня.

Тэкст скаргі быў апублікаваны ў Тэлеграм-канале „Выборы. Беларусь”. У ёй гаварылася, што прызначэнне выбараў на 17 лістапада скараціла чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў не менш як на 10 месяцаў. На думку заяўніцы, гэта не дазволіць ёй балатавацца ў якасці кандыдаткі ў дэпутаты.

У судзе Ленінскага раёну Мінску Свабодзе пацвердзілі, што такая скарга сапраўды была зарэгістраваная. 12 жніўня суд вырашыў адмовіць Лізавеце ў завядзенні грамадзянскай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі.

„Паколькі Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь змяшчае вычарпальны спіс прычын для звароту ў суд са скаргай у пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў і абскарджванае рашэнне носіць нарматыўны характар, суд лічыць, што ў завядзенні грамадзянскай справы належыць адмовіць з прычыны непадведамнасці”, — гаворыцца ў адказе суду.

аз