У серыі „Энцыклапедыя народнага майстра” выдавецтва „Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” выйшла кніга Гульнары Качан „На шчасце, на долю: традыцыйныя народныя лялькі. Ілюстраваны майстар-клас”, паведамляе БЕЛТА.
Кніга Гульнары Качан - гэта другое выданне серыі, прысвечанае вырабу традыцыйнай народнай лялькі. Яно ўключае пакрокавыя ілюстраваныя майстар-класы. Зацікавіць кніжная навінка як пачаткоўцаў, так і вопытных майстроў.
„Народныя лялькі - гэта народная мудрасць, бясцэнны вопыт пакаленняў нашых продкаў, яны нясуць вялікую выхаваўчую сілу, што адточвалася тысячагоддзямі. Працэс вырабу лялькі - сапраўдныя лекі для душы”, - растлумачыла аўтар кнігі народны майстар, член Беларускага саюза майстроў Гульнара Качан.
Абрадавыя і гульнявыя лялькі былі значнай часткай жыцця нашых продкаў. Кожная з лялек прызначалася для пэўнага жыццёвага выпадку, напрыклад, удалага шлюбу або прыцягнення багацця.
Некалі страчаная ў Беларусі традыцыя вырабу такіх лялек сёння зноў адраджаецца. З дапамогай кнігі жадаючыя навучацца рабіць ляльку на цяжарнасць, здароўе, на шматлікія святы і абрады.
У кнізе прадстаўлена невялікая калекцыя лялек, якую ўдалося сабраць дзякуючы ведам і ўменням розных майстроў з Беларусі і блізкага замежжа.
Дзякуючы серыі „Энцыклапедыя народнага майстра” выдавецтва „Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”, заснаванай у 2017 годзе, чытачы могуць азнаёміцца з самымі цікавымі народнымі промысламі, акунуцца ў атмасферу, у якой жылі нашы продкі, прадоўжыць беларускія традыцыі.
У гэтай серыі таксама выйшлі такія кнігі, як „Лялькі: абярэгі, абрадавыя, гульнявыя”, „Пісанкі”, „Лозапляценне”, „Гліняная казка”, „Фантазіі са скуры”, „Саломапляценне”.
аз