Беларуская Служба

4 тыс. беларускіх вайскоўцаў адправяцца на вучэнні ў Расію

14.08.2019 15:19
У ходзе вучэнняў будзе вырашацца шырокі спектр задач: ад прыкрыцця мяжы і барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі да вядзення абарончых дзеянняў і стабілізацыі абстаноўкі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnelanych/Shutterstock.com

З 13 па 19 верасня каля населенага пункта Муліна Ніжагародскай вобласці Расіі пройдуць беларуска-расійскія сумесныя аператыўныя вучэнні «Шчыт Саюза – 2019». Пра гэта паведамілі ў міністэрстве абароны Беларусі, інфармуе «Тэлеграф».

Задума вучэнняў прадугледжвае развязванне ваеннага канфлікту з дзеянняў тэрарыстаў, сепаратыстаў, незаконных узброеных фарміраванняў пры знешняй падтрымцы трэціх сіл.

Кіраваць вучэннямі будуць першы намеснік міністра абароны Беларусі і камандуючы войскамі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі.

У ходзе вучэнняў будзе вырашацца шырокі спектр задач: ад прыкрыцця мяжы і барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі да вядзення абарончых дзеянняў і стабілізацыі абстаноўкі.

У вучэнні »Шчыт Саюза – 2019« плануецца задзейнічаць каля 12 тыс. вайскоўцаў, да 950 адзінак баявой тэхнікі, а таксама да 70 самалётаў і верталётаў.

Ад Беларусі для ўдзелу ў манеўрах у Расіі накіруюцца больш за 4 тыс. чалавек, больш за 30 танкаў, 80 баявых браніраваных машын, каля 50 рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат і мінамётаў, каля 15 самалётаў і верталётаў. Да 4 кастрычніка яны вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі.

вс