Сітуацыя Каталіцкага касцёла ў Беларусі - гэта галоўная тэма размовы міністра Анны Шміт – Радзевіч (Anna Schmidt – Rodziewicz) з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Сустрэча з галавой беларускіх каталікоў стала першым пунктам візіту ўпаўнаважанага польскага прэм'ер-міністра па справах міжнароднага дыялогу.
Міністр Анна Шміт - Радзевіч сустрэнецца таксама з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі і кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі, якога не прызнаюць афіцыйныя ўлады ў Мінску.
Польскі міністр паведаміла, што падчас перамоў з прадстаўнікамі беларускіх улад плануе ўзняць праблемы, якія не былі вырашаныя гадамі. Гаворка ідзе пра пытанне легалізацыі СПБ, пытанне маёмасці польскай арганізацыі і справу адукацыі.
„Калі мы хочам працягваць станоўчыя двухбаковыя адносіны і будаваць станоўчыя адносіны паміж нашымі краінамі, то адным з ключавых элементаў з’яўляецца стаўленне беларускіх уладаў да нашых суайчыннікаў, то бок польскай меншасці ў Беларусі”, - сказала польскі міністр.
Анна Шміт - Радзевіч сёння і заўтра таксама наведае польскія памятныя мясціны на Гарадзеншчыне.
Уладзімір Пац/аз