Праваахоўнікі выявілі аўтара паведамленняў з прапановамі забраць выбухоўку і аднесці яе на станцыю менскага метро, паведамляе „Радыё Свабода”.
Як сцвярджае Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), паведамленні пісаў 21-гадовы раней не судзімы жыхар Мінску, які працуе праграмістам у прыватнай кампаніі. Прынамсі чатыром знаёмым праз месэнджэр (але з не знаёмага ім нумару) ён прапаноўваў забраць пакет з самаробнай бомбай і аднесці яго на адну са станцыяў метро.
У паведамленнях ён абяцаў узнагароду ў 15 тысячаў долараў. Але калі просьба ня будзе выкананая, аўтар пагражаў „расправай над блізкімі і родзічамі”.
Ці была бомба, не паведамляецца. Але адначасова з пошукам аўтара паведамлення праваахоўнікі назіралі за месцам, дзе прапаноўвалася забраць бомбу. Прынамсі цяпер пра канфіскацыю выбухоўкі не паведамляецца.
Адносна аўтара паведамленняў яшчэ не распачалі крымінальную справу — толькі перадалі звесткі следчым. Але міліцыя намякае на адказнасць паводле артыкулу за „ложнае паведамленне пра небяспеку”.
Мяркуючы па агучаным максымальным пакаранні, гаворка пра ч.1 арт. 340 КК РБ — ён прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. Другая частка артыкулу тычыцца дзеянняў, якія пацягнулі шкоду ў буйным памеры або іншыя цяжкія наступствы — верагодна, дзеянні праграміста пад гэта яшчэ не падпадаюць.
Аднойчы бомбу ў мінскім метро сапраўды падарвалі — ад бомбы, што выбухнула 11 красавіка 2011 году на станцыі „Кастрычніцкая”, загінулі 15 чалавек, былі параненыя яшчэ чатыры сотні. Двух чалавек прызналі вінаватымі і расстралялі.
аз