Гарадскія ўлады вызначыліся з месцамі, дзе не дазваляецца ажыццяўляць збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку кандыдатаў, якія вылучылі свае кандыдатуры на выбары ў беларускі парламент. Пра гэта паведамляе партал naviny.by.
Паводле інфармацыі прэс-службы Мінгарвыканкама, забаронена праводзіць пікеты ў падтрымку кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 7-га склікання на тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы і плошчы Якуба Коласа.
Таксама гэта забаронена менш чым у 200 м ад будынкаў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі, Нацыянальнага сходу і Савета міністраў. Не дазваляецца збіраць подпісы выбаршчыкаў менш як у 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, а таксама побач з тэрыторыямі арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць і бяспеку краіны.
Забаронена пікетаванне і на аб'ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, праезнай часткі аўтадарог і ў падземных пешаходных пераходах.
Пікетаванне можа праводзіцца з 8 да 22 гадзін.
вс