Беларуская Служба

Беларусь і Савет Еўропы распрацуюць дарожную карту па адмене смяротнага пакарання

27.08.2019 11:21
Пра гэта перад распачаццем канферэнцыі „Грамадская думка і смяротнае пакаранне” паведаміла прадстаўніца Савет Еўропы Таццяна Тэрмачыч.
  .
Эмблема Савета Еўропы.Автор: Совет Европы - http://www.coe.int/, Добросовестное использование, https://ru.wikipedia.org/w/index.php?curid=1379901

Беларусь і Савет Еўропы распрацуюць дарожную карту па адмене смяротнага пакарання, паведаміла журналістам кіраўнік аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генеральнага дырэктарата па правах чалавека і захаванні законнасці СЕ Таццяна Тэрмачыч перад пачаткам канферэнцыі „Грамадская думка і смяротнае пакаранне” 27 жніўня ў Мінску.

Канферэнцыя арганізаваная рабочай групай Нацыянальнага сходу Беларусі па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання сумесна з Саветам Еўропы. У ёй удзельнічаюць беларускія парламентарыі, прадстаўнікі сакратарыята СЕ, дзяржаўных органаў і арганізацый, структур грамадзянскай супольнасці і эксперты, паведамляе БелаПАН.

„Сёння мы збіраемся абмеркаваць пытанні фарміравання грамадскай думкі ў Беларусі наконт адмены смяротнай кары, — сказала Тэрмачыч. — У прынцыпе, для адмены смяротнага пакарання не патрабуецца таго, каб грамадскасць падтрымлівала такое меркаванне, аднак для ўладаў Беларусі патрэбна падтрымка з боку грамадскасці для прыняцця такога рашэння”.

„Пакуль гаворка ідзе аб выпрацоўцы сумеснай дарожнай карты, — дадала яна. — Ці трансфармуецца гэта далей непасрэдна ў канкрэтныя кампаніі з боку СМІ ці не — гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца пазней, можа быць, у тым ліку падчас гэтага мерапрыемства. Важна, каб тыя , хто можа прымаць рашэнні, сапраўды маглі прымаць адпаведныя рашэнні і падтрымлівалі ідэю адмены пакарання смерцю”.

Прадстаўнік Савета Еўропы нагадала, што ў Беларусі „існуе працоўная група па абмеркаванні праблематыкі адмены смяротнай кары на чале з беларускімі парламентарыямі”, і вельмі важна, каб „яна займала ясную пазіцыю на карысць адмены смяротнай кары”. „Гэта тое, да чаго беларуская дзяржава і павінна імкнуцца. Аднак, вядома, у вас ёсць свае метады, падыходы, вам трэба час для вырашэння гэтага пытання”, — прызнала Тэрмачыч.

Яна нагадала, што ў 1996 годзе ў Беларусі прайшоў рэферэндум, падчас якога большасць грамадзян выказаліся ў падтрымку смяротнага пакарання.

„Але гэта было даўно. Усе людзі, якім цяпер менш за 41 год, не ўдзельнічалі ў тым рэферэндуме(…) Гэта пытанне трэба высветліць”, — сказала прадстаўнік СЕ.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання.

Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў Беларусі быў прыведзены ў выкананне як мінімум адзін смяротны прысуд.

аз