Беларуская Служба

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі вайсковы груз з Расіі

27.08.2019 17:11
Атрымальнікам грузу была пазначаная кампанія, якая базуецца ў Перу.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Літоўская мытня на мяжы з Беларуссю затрымала кіроўцу, які перавозіў транзітам вайсковы груз з Расіі, інфармуе „Еўрарадыё” са спасылкай на TUT.by.

Паводле літоўскага агенцтва BNS, здарэнне адбылося на мінулым тыдні на кантрольна-прапускным пункце „Лаварышкес” (з беларускага боку „Катлоўка”).

Кіроўца, які перавозіў груз, распавёў, што атрымаў яго ў маскоўскім аэрапорце „Дамадзедава”. Мужчына паказаў неабходныя дакументы на боепрыпасы. Атрымальнікам грузу была пазначаная кампанія, якая базуецца ў Перу.

Кіроўца сам паказаў літоўскім памежнікам скрыню, але ўскрываць яе адмовіўся, каб не парушыць герметычнасць упакоўкі. Агляд з дапамогай рэнтгену пацвердзіў, што ў скрыні былі боепрыпасы, як і пазначана ў дакументах.

Паведамляецца, што мужчына перавозіў пірапатроны, якія выкарыстоўваюцца ў баявых верталётах Мі-8 і Мі-24, а таксама самалётах ВПС Расіі. Кошт аднаго боепрыпаса складае 75,9 еўра, а ўсёй партыі — 7590 еўра.

Спецыялісты з Узброеных сіл Літвы паведамілі, што груз з'яўляецца вайсковым, а не грамадзянскім. Для перавозу такіх катэгорыяў грузаў праз Літву патрабуецца адмысловая ліцэнзія, якой у кіроўцы не было. Мытнікі затрымалі груз.

Дарэчы, сёлета ў траўні здарыўся падобны інцыдэнт. Праз Беларусь і Расію ў Літву з Кітая спрабавалі завезці кампаненты сістэмы запуску ракет М20 Missile Weapon System Model.

аз