Беларуская Служба

1 верасня ў Варшаве Беларусь будзе прадстаўляць амбасадар

27.08.2019 16:02
„Мы ўдзячныя прэзідэнту Польшчы за запрашэнне ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы”, - заявіў Глаз.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

1 верасня 2019 года ў Варшаве на мерапрыемствах з нагоды 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь будзе прадстаўляць Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

„Запрашэнні на памятныя мерапрыемствы былі накіраваны польскім бокам на адрас кіраўнікоў дзяржаў краін-членаў Еўрапейскага саюза, НАТО і Усходняга партнёрства. Мы ўдзячныя прэзідэнту Польшчы за запрашэнне ў адрас кіраўніка беларускай дзяржавы”, - заявіў Глаз.

„Памяць пра мільёны салдат савецкіх і саюзных войскаў, якія загінулі за свабоду і мірную будучыню на палях бітваў Другой сусветнай вайны, пра мільёны мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі нацысцкіх карнікаў, святая для беларусаў і заўсёды захоўваецца ў нашых сэрцах.

Мы ніколі не перастанем падкрэсліваць, і пра гэта адкрыта гаворыцца ў нашых падручніках гісторыі, што менавіта Савецкі Саюз і ўсе яго народы ўнеслі вырашальны і неацэнны ўклад у перамогу над нацызмам і ў вызваленне Еўропы”, - заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС.

„Нашу краіну на мерапрыемствах будзе прадстаўляць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы”, - дадаў Анатоль Глаз.

аз