Беларуская Служба

Абраныя лаўрэаты Прэміі Гедройца

26.09.2019 11:23
Аднымі з галоўных партнёраў прэмій традыцыйна былі Амбасада Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут у Мінску.
.
..

У прасторы ZAL#2 мінскага Палаца мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца, паведамляе беларускае выданне «Новы час». 

І месца «за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма» заняў раман Іллі Сіна «Libido» (Мінск, Кнігазбор).

ІІ месца «за адметную інтэрпрэтацыю нацыянальнай міфапаэтычнай традыцыі» атрымаў Міхал Андрасюк з кнігай «Поўня» (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»).

ІІІ месца – «Садомская яблыня» Алены Брава (Мінск, Галіяфы) «за глыбіню сацыяльнай дыягностыкі сродкамі мастацкай літаратуры».
Як і летась, да павелічэння прызавога фонду за І месца далучыліся прадстаўнікі беларускага бізнэсу. Сёлета мэцэнатамі лаўрэата былі адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей» і Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт». Прызам за ІІ месца ад Саюза беларускіх пісьменнікаў стаў творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Фундатарам ІІІ месца Прэміі Гедройца сёлета выступіла Беларуская служба Радыё Свабода, якая гарантуе выпуск аўдыёкнігі прызёра.

Пад час цырымоніі ўпершыню была ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Яе лаўрэатам стаў Сяргей Календа з кнігай «Часам панкі паміраюць». Нобелеўская лаўрэатка зрабіла свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст Прэміі Гедройца. Прызам стаў тэлефон iPhone Xr.
У склад журы Прэміі Гедройца 2019 былі: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі.

Аднымі з галоўных партнёраў прэмій традыцыйна былі Амбасада Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут у Мінску.

эж