Беларуская Служба

Маладафронтаўца аштрафавалі на 510 рублёў за дзве кветкі да помніка Янку Купалу

27.09.2019 15:27
Актывіст паведаміў, што яны сфатаграфаваліся пад гістарычным бел-чырвона-белым сцягам ды кветкамі і знічкамі, «ушанавалі памяць народнага паэта Янкі Купалы»
Максім Урбановічфота: svaboda.org

Суддзя Іван Касьцян з Цэнтральнага раённага суду Мінска аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (510 рублёў) сябра «Маладога фронту» Максіма Урбановіча. Паводле пастановы суду – за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі ў парку Янку Купалы 25 жніўня, інфармуе Свабода.

Актывіст збіраецца абскарджваць пастанову суддзі, бо лічыць пакаранне незаконным, а міліцэйскі пратакол сфальшаваным. Максім Урбановіч кажа, што ні пікетавання, ні іншай масавай акцыі 25 жніўня ў парку Янкі Купалы маладафронтаўцы не праводзілі.

«У той дзень мы арганізавалі роварны прабег праз Мінск у Курапаты, нас было чацвёра, – расказаў Максім Урбановіч. – Спачатку наведалі Чырвоны касцёл і там правялі малітву за Беларусь, а адтуль даехалі на роварах да парку Янкі Купалы.

Там усклалі кветкі і знічкі да помніка, сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белымі сцягамі і паехалі далей праз горад. Ехалі са сцягамі, нас ніхто не спыняў. І ў парку ў нас плакатаў не было, лозунгаў не выкрыквалі».

На працэсе сведка, супрацоўнік мінскай міліцыі Сяргей Астаф’еў, у сваіх паказаннях фактычна пацвердзіў, што пікету ці масавай вулічнай акцыі ў той дзень у парку Янкі Купалы маладафронтаўцы не праводзілі.

Паводле паказанняў міліцыянта, падзеі, у якіх браў удзел Максім Урбановіч, доўжыліся не болей за 3-4 хвіліны і складаліся ўсяго з трох дзеянняў:

«Паклалі свечкі, дасталі сцягі і сфатаграфаваліся. Але дазволу на акцыю ад Менгарвыканкаму не было», – паведаміў суду міліцыянт.

Адным са сведак на працэсе быў брат Максіма Ўрбановіча, старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Актывіст паведаміў, што яны сфатаграфаваліся пад гістарычным бел-чырвона-белым сцягам ды кветкамі і знічкамі, «ушанавалі памяць народнага паэта Янкі Купалы». Паводле Ўрбановіча, гэта заняло ня больш за паўтары хвіліны.

«Хіба на тое, каб сфатаграфавацца ля помніка, патрэбен дазвол Менгарвыканкаму? Калі так, дык пакажыце мне такі закон», – звярнуўся актывіст да суду. Адказу не было.

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, роварны прабег 25 жніўня маладафронтаўцы прысвяцілі абвяшчэнню незалежнасці Беларусі, якое адбылося 29 жніўня 1991 году. Папярэдне яны змясцілі інфармацыю аб прабегу ў інтэрнэце.

аев/вс