Беларуская Служба

«Рух «За свабоду» вылучыў 55 кандыдатаў у дэпутаты

30.09.2019 10:55
Рух плануе прайсці ўсе юрыдычныя працэдуры, каб дамагчыся рэгістрацыі сваіх кандыдатаў менавіта ад грамадскага аб’яднання.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

28 верасня на канферэнцыі ў Мінску «Рух «За свабоду» вылучыў 55 кандыдатаў у дэпутаты. «За Свабоду» плануе прайсці ўсе юрыдычныя працэдуры, каб дамагчыся рэгістрацыі сваіх кандыдатаў менавіта ад грамадскага аб’яднання, паведамляе прэс-служба руху.

Як патлумачыў старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч, артыкулы 5, 69 і 138 Канстытуцыі сведчаць, што кандыдатаў маюць магчымасць вылучаць усе грамадзянскія арганізацыі, а не толькі палітычныя партыі.

-  Выбарчы кодэкс фактычна пазбаўляе нас гэтага права. Але Канстытуцыя мае перавагу над любымі законамі і дэкрэтамі. Таму мы праверым на адпаведнасць галоўнаму закону сваё права вылучаць кандыдатаў. Нашы прэтэндэнты накіруюць у выбарчыя камісіі поўныя пакеты дакументаў, а ў выніку адмовы будуць абскарджваць іх у вышэйстаячых інстанцыях, у тым ліку ў беларускіх судах і ў Камітэце ААН па правах чалавека. Мы жадаем аднавіць канстытуцыйную законнасць у Беларусі, нарэшце размарозіць палітычнае жыццё ў нашай краіне, – заявіў ён.

Губарэвіч лічыць, што «Рух «За свабоду» падрыхтаваны да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у гэтым годзе. Як адзін з паказчыкаў гэтага – наяўнасць папярэдняга спіса кандыдатаў у дэпутаты, якія ўжо зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы і збіраюць подпісы. Некаторыя з іх таксама вылучаюцца кандыдатамі пры дапамозе партнёрскіх арганізацый, у прыватнасці Партыі БНФ і АГП.

Удзел у парламенцкіх выбарах – важная частка падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі, якая чакае Беларусь у наступным годзе. «Цяперашняй кампаніяй усё толькі пачынаецца. Гэта вынікае ў тым ліку з досведу правядзення пікетаў. Народ гатовы да пераменаў», – адзначыў Янчурэвіч. «Калі мы здолеем зрабіць пэўныя захады, атрымаць падтрымку шырокага кола насельніцтва, мы зможам пераламіць сітуацыю. Неабходна мець дзясяткі – сотні актывістаў на чале з палітычнымі і грамадскімі лідарамі ў кожнай акрузе», – дадаў Губарэвіч.

Рух збіраецца прыняць удзел у апазіцыйным праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Бо, лічыць Губарэвіч, сёння ніводны апазіцыйны прэтэндэнт не зможа самастойна сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

ав