12 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню ўручаць прэстыжную Міжнародную прэмію імя Лазара Хідэкеля за інавацыйныя і экалагічныя рашэнні ў архітэктуры, піша выданне «Новы час»
Прэмію атрымаюць удзельнікі Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда» і Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў ВНУ і ССНУ, якія праводзяцца ў рамках фестывалю «Архітэктурная восень-2019».
Спецыяльна на цырымонію ўзнагароджання з Нью-Ёрка прыедзе сям’я Лазара Хідэкеля, каб асабіста ўручыць прыз пераможцам. Ініцыятарам гэтай падзеі ў Мінску выступіў Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны пры падтрымцы кампаніі А1.
Лазар Хідэкель увайшоў у гісторыю як першы ў свеце супрэматычны архітэктар-наватар, аўтар першага архітэктурна-экалагічнага маніфеста. Ствараючы ў 1920–1930-я гады праекты эка-гарадоў і гарадоў будучыні з камічнымі дамамі, што беспрэцэдэнтна апярэджвалі час, сам ён казаў: «Нас зразумеюць праз 100 гадоў». Сімвалічна, што роўна праз век Беларусь узгадвае пра сусветна прызнанага генія.
Міжнародная прэмія для маладых архітэктараў імя Лазара Хідэкеля была заснавана ў 2013 годзе і ўручалася ў розных краінах свету. Рашэнне пра тое, хто атрымае яе сёлета, прымала міжнароднае журы з ліку суддзяў Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда» на чале з прэзідэнтам Міжнароднага саюза архітэктараў Томасам Ваньерам з ЗША, а таксама члены журы з Міжнароднага таварыства Лазара Хідэкеля.
эж