Беларуская Служба

У Беларусі скарачаецца колькасць прыхільнікаў саюзу з Расіяй

02.10.2019 18:58
Больш за палову беларусаў аддаюць перавагу саюзу з Расіяй, але іх колькасць зменшылася на 9% за апошні год.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Andreas Breitling from Pixabay/CC0

Пра гэта кажуць дадзеныя жнівеньскага апытання, праведзенага Беларускай аналітычнай майстэрняй (BAW). Кіраўнік майстэрні Андрэй Вардамацкі прэзентаваў вынікі апытання на VIII Кангрэсе беларускіх даследчыкаў у Вільні, піша Tut.by.

Адказваючы на пытанне «У якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі – у Еўразвязе ці ў саюзе з Расіяй?», 54,5% рэспандэнтаў аддалі перавагу саюзу з Расіяй, а 25% – Еўразвязу. Крыху больш за 20% не вызначыліся.

У жніўні 2018 года прарасейскія настроі былі вышэй на 9 працэнтных пунктаў, а праеўрапейскія – ніжэй на 5 пунктаў.

Пры гэтым падтрымка саюзу з Расіяй, паводле дадзеных апытання BAW, не азначае, што беларусы хочуць поўнага зліцця дзвюх краін.

75,6% беларусаў выступаюць за тое, каб Расія і Беларусь былі незалежнымі, але сяброўскімі краінамі.

15,6% хочуць абʼяднання ў саюзную дзяржаву, і толькі 1,4% выступаюць за ўступленне Беларусі ў склад Расіі на правах субʼекта федэрацыі.

юл