Беларуская Служба

Федэрыка Магерыні адмовілася ад візіту ў Мінск

03.10.2019 10:52
Адмену візіту звязваюць з нізкім узроўнем прадстаўніцтва на мерапрыемстве.
.
.GregMontani/pixabay.com/CC0

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні ў апошні момант адмовілася ад візіту ў Мінск для ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню ў межах «Усходняга партнёрства». Пра гэта Reform.by паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Адмену візіту звязваюць з нізкім узроўнем прадстаўніцтва на мерапрыемстве, у першую чаргу ў сувязі з тым, што ў Мінск не прыедзе кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч. Польскі міністр адмяніў паездку ў Беларусь у апошні момант з-за жалобных мерапрыемстваў у сувязі са смерцю Корнеля Маравецкага.
У календары Еўрапейскай камісіі паездка ў Мінск Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ ужо не значыцца. У прадстаўніцтве ЕЗ у Мінску Reform.by не змаглі аператыўна пракаментаваць гэты факт.

Федэрыка Магерыні планавала 4 кастрычніка сустрэцца з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, а 5-га – з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Учора стала вядома, што сустрэча не адбудзецца.

ав