На сайце Petitions.by апублікаваны адказ на зварот з просьбай перавесці дзяржаўны тэлеканал „Беларусь-3” цалкам на беларускую мову. Петыцыю падпісалі дзве сотні чалавек, паведамляе „Свабода”.
Петыцыя з'явілася як адказ на дазвол вяшчання ў Беларусі расейскага „патрыятычнага” тэлеканалу „Ратник”. У Беларусі, адзначалі ў звароце, няма не толькі ніводнага патрыятычнага, а і ніводнага беларускамоўнага каналу.
Генеральны прадусар генеральнага прадусарскага цэнтру Дзяржтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман адказаў на зварот: „У дадзены момант зрабіць канал поўнасцю беларускамоўным не ўяўляецца магчымым”.
Прычыны, з якіх гэта немагчыма, ён не назваў, але заявіў, што „Беларусь-3” „пастаянна працуе ў гэтым напрамку” — цяпер там „каля 30%” кантэнту выходзіць на беларускай мове, а гэта больш за 5 гадзінаў на дзень. Гэты канал — „самы беларускамоўны” з дзяржаўных, на астатніх яшчэ менш кантэнту па-беларуску.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу „Белсат”, які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэнні ў беларускія тэлевізійныя кабельныя сеткі: на петыцыю аб гэтым намеснік гендырэктара „Беларусь-1” Сяргей Шышко адказаў, што „ў сетцы вяшчання прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадачаў і рубрык”.
Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабельныя аператары — з такой прапановай яны звярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.
аз