Беларуская Служба

Да канца 2019 года Сусветны банк інвестуе ў эканоміку Беларусі 270 млн еўра

19.10.2019 10:01
Бягучы інвестыцыйны партфель СБ у Беларусі налічвае восем інвестыцыйных праектаў на агульную суму каля 760 млн еўра.
ЕўраMabelAmber/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сусветны банк інвестуе ў эканоміку Беларусі па выніках 2019 года 270 млн еўра. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі па выніках сустрэчы ў Вашынгтоне беларускай дэлегацыі на чале з міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлерам.

„Да канца бягучага года ў партфелі будзе яшчэ адзін праект – „Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання”, які СБ будзе суфінансаваць сумесна з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Агульны аб'ём інвестыцый складзе 180 млн еўра. Такім чынам, інвестыцыі Сусветнага банка толькі за бягучы каляндарны год складуць 270 млн еўра, а агульны аб'ём з моманту пачатку яго працы ў краіне ў 1992 годзе перавысіць за 1,8 млрд еўра”, - паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.

Праект па пашырэнні ўстойлівага энергакарыстання прадугледжвае інвестыцыі ў пашырэнне выкарыстання біямасы для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння і цеплавую мадэрнізацыю шматкватэрных будынкаў, а таксама аказанне тэхнічнай дапамогі для распрацоўкі адпаведнай галіновай палітыкі.

Бягучы інвестыцыйны партфель СБ у Беларусі налічвае восем інвестыцыйных праектаў на агульную суму каля 760 млн еўра.

У гэтым годзе былі падпісаны крэдытныя пагадненні па двух новых праектах. Адно з іх мяркуе дадатковае фінансаванне праекта „Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі” на агульную суму 90 млн еўра. Ён прадугледжвае капітальны рамонт 220 школ ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і правядзенне даследаванняў адукацыйных дасягненняў вучняў.

Яшчэ адзін праект – „Павышэнне эфектыўнасці камунальных паслуг” - на суму 90 млн еўра прадугледжвае мадэрнізацыю 25 аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў абыходжання з камунальнымі адходамі, а таксама падтрымку працэсу рэформаў у сферы ЖКГ, накіраваных на ўцягванне ў новы гаспадарчы абарот усіх відаў адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў.

„Асаблівасцю праектаў з'яўляецца тое, што ўключаныя аб'екты размешчаны ва ўсіх абласцях Беларусі і з'яўляюцца сацыяльна значнымі для канкрэтных раёнаў і населеных пунктаў, што адпавядае прыярытэту дзейнасці ўрада па зніжэнні міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва”, - дадалі ў прэс-службе Мінэканомікі.

аз