3 лістапада ў Мінску ад метро «Парк Чалюскінцаў» распачалося традыцыйнае шэсце на Дзяды — дзень памяці продкаў.
Людзі сабраліся ля гадзіннікавага завода ля парку Чалюскінцаў, каб пайсці па вуліцах Каліноўскага, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Пасля шэсця адбудзецца жалобны мітынг на месцы масавай згубы, ва ўрочашчы Курапаты. У калонах ідуць каля 250 чалавек, перадае газета Наша Ніва.
Падчас шэсця актывісты «Еўрапейскай Беларусі» запалілі фаеры. Іншыя ўдзельнікі паспрабавалі адабраць фаеры і папрасілі не рабіць правакацый.
Мерапрыемства традыцыйна ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка.
Дзяды — восеньскі дзень памяці продкаў. Яму прысвечаныя класічныя творы Адама Міцкевіча і Янкі Купалы.
У старыя часы Дзяды масава ўшаноўвалі ў цэнтры і на захадзе Беларусі, тады як Радаўніцу — веснавы дзень памяці продкаў — на поўдні і поўначы. Людзі прыносяць свечкі на магілы і чысцяць пахаванні перад зімой.
З канца 1980-х святкаванне Дзядоў спалучылася з днямі памяці ахвяр савецкіх расстрэлаў у Курапатах ды іншых месцах масавага знішчэння насельніцтва нямецка-фашысцкімі карнікамі і савецкай уладай.
эж