Беларуская Служба

У Мінску дзень памяці продкаў Дзяды адзначылі шэсцем у Курапаты

04.11.2019 08:31
КХП-БНФ паведаміла, што падала заяўку на правядзенне яшчэ аднаго традыцыйнага шэсця і мітынгу — у сталічным Лошыцкім яры 10 лістапада.
Kuropaty
KuropatyWłodzimierz Pac, Polskie Radio

У Мінску 3 лістапада з удзелам прыкладна 250 чалавек прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты, арганізаванае Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ з нагоды дня памінання продкаў Дзяды, паведамляе БелаПАН.

Калона дэманстрантаў прыкладна апоўдні вырушыла ад гадзіннікавага завода „Прамень” да месца масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. На чале калоны ўдзельнікі акцыі неслі транспаранты і плакаты „Дзяды”, „Курапаты — наш народны мемарыял”, „Жыве незалежная Беларусь!”, „Хайшы — віцебскія Курапаты”, „Ліда памятае”, „Народны мемарыял — пашана забітым продкам”, „Хто расстраляў беларускае слова?”, „Хто ў 37-м нас забіваў?”, „Хутка Радзіма скіне аковы”, „Расія — гэта вайна” і іншыя.

Дэманстранты таксама неслі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, каля дзясятка драўляных крыжоў, сцягі з сімволікай КХП-БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД), не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт”, сцягі Вялікага Княства Літоўскага з гербам „Пагоня”, сцягі Еўрасаюза.

У калоне прайшлі сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, лідар „Маладога фронту” Дзяніс Урбановіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Янукевіч, актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка, а таксама кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі і іншыя.

За акцыяй назіралі шматлікія супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, некаторыя з іх вялі відэаздымку. Акрамя журналістаў недзяржаўных СМІ шэсце здымала дзяржаўнае тэлебачанне.

Падчас акцыі адбылося некалькі інцыдэнтаў. Так, падчас збору людзей каля гадзіннікавага завода арганізатары шэсця абурыліся тым, што адзін з прысутных разгарнуў польскі сцяг. Яны заявілі, што гэта правакацыя, і прымусілі яго схаваць сімволіку суседняй дзяржавы. Таксама на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградскай некалькі ўдзельнікаў шэсця ў сярэдзіне калоны запалілі фаеры, што выклікала незадавальненне шэрагу іншых дэманстрантаў.

Прыкладна ў 15.20 у Курапатах, дзе колькасць удзельнікаў вырасла да 300, пачаўся мітынг, падчас якога адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазняка.

Лідар КХП-БНФ адзначыў, што мемарыял быў створаны 29 кастрычніка 1989 года „ў традыцыях беларускай мемарыяльнай культуры”, калі людзі „прынеслі сюды на руках вялікі сяміметровы пакаянны крыж” і ўсталявалі яго „пад гукі рэквіема і малітвы”.

„З 2000 года кожны раз на Дзяды сюды прыходзілі тысячы людзей, якія неслі на плячах крыжы і ўсталёўвалі іх каля магіл расстраляных продкаў, — адзначыў палітык. — Так ствараўся вечны мемарыял памяці аб генацыдзе. Кожны год на Дзяды сюды прыходзяць людзі і нясуць крыжы — помнікі вечнасці. Штогод кожнае пакаленне беларусаў прыносіць сюды і ставіць тут свае знакі памяці. Гэты працэс не спыніць, пакуль жыве народ. Ён стаў рытуалам і святой часткай памяці. Мы ўсе тут стваральнікі народнага мемарыяла”.

Пазняк падкрэсліў, што „ніякі змрок і чартоўская сіла не знішчаць Курапаты, пакуль мы жывем”. Ён заклікаў „шанаваць нашых дзядоў, расстрэльныя магілы продкаў, паважаць сваю гісторыю, пакутнікаў і герояў”.

„Гэта вельмі важна для беларускай нацыі, каб вытрымаць агрэсію, перамагчы ворагаў чалавецтва і адбудаваць нашу светлую і свабодную Беларусь”, — адзначыў палітык.

У часе мітынгу КХП-БНФ было абвешчана, што партыя на гэтым тыдні падала заяўку на правядзенне яшчэ аднаго традыцыйнага шэсця і мітынгу — у сталічным Лошыцкім яры 10 лістапада. Адказу гарадскіх уладаў партыя чакае ў пачатку наступнага тыдня.

аз