Беларуская Служба

Трохбаковая кантактная група па Украіне сустрэнецца ў фармаце відэаканферэнцыі

12.11.2019 12:12
Сустрэча ў Мінску трохбаковай кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі з Марцінам Сайдзікам.
Сцяг УкраіныPhoto:1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чарговыя перамовы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны пройдуць 12 лістапада ў Мінску ў фармаце відэаканферэнцыі са спецпрадстаўніком дзейнага старшыні АБСЕ Марцінам Сайдзікам, паведамляе БелаПАН са спасылкай на МЗС Беларусі.

У сувязі з гэтым традыцыйны брыфінг Сайдзіка паводле вынікаў працы трохбаковай групы сёння не адбудзецца.

Згодна з інфармацыяй шэрагу СМІ, Сайдзік і прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе Леанід Кучма не змаглі прыбыць на сустрэчу з-за нялётнага надвор'я — раніцай у Мінску быў моцны туман.

Папярэдні раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны прайшоў у Мінску 29 кастрычніка. Пасля іх завяршэння Сайдзік паведаміў журналістам, што праца групы была сканцэнтраваная на пытаннях развядзення сіл і сродкаў у зоне канфлікту.

Прадстаўнік АБСЕ падкрэсліў, што ён „не можа даць станоўчай ацэнкі выкананню рэжыму спынення агню”. Сайдзік заклікаў бакі канфлікту „зрабіць усё неабходнае для забеспячэння ўстойлівага спынення агню”.

аз