Беларуская Служба

Незалежныя назіральнікі на выбарах фіксуюць парушэнні падчас галасавання

13.11.2019 14:37
«Паводле маіх падлікаў, прагаласавалі 13 чалавек. А ў пратаколе напісалі 138».
Падчас датэрміновага галасавання ў Беларусі фіксуюцца парушэнніфота: Pixabay/ulleo/Creative Commons

Беларускія актывісты фіксуюць парушэнні падчас датэрміновага галасавання - паведамляе Свабода. Чарговы эпізод зафіксаваны на выбарчым участку № 565 у 107-й акрузе. Назіральніца Наталля Іллініч напісала скаргу на дзеянні выбарчай камісіі.

«Паводле маіх падлікаў, прагаласавалі 13 чалавек. А ў пратаколе напісалі 138. Я сёння напісала скаргу. Нават не хацелі мне паказваць пратакол, БРСМавец яго закрыў ад мяне спінай. Але давялося паказаць», – расказала Наталля Іллініч.
Старшыня камісіі Павал Баброўскі паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода, што лічбы ў пратаколе правільныя, а назіральнікам усё «магчыма, падалося».

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выклікаў міліцыю на ўчастак, каб зафіксаваць парушэнні. Лейтэнант міліцыі, адмовіўся заводзіць крымінальную справу і праводзіць адпаведную праверку – толькі адміністрацыйную. Палітык настойваў, што зафіксаваныя злачынствы падпадаюць пад артыкулы 192 (парушэнне заканадаўства аб выбарах) і 427 КК Рэспублікі Беларусь (службовы падлог). «Чалавек у цывільным» запярэчыў яму: «Крымінальнай справы ня будзе». Але скаргу ад Губарэвіча прынялі.

Губарэвіч лічыць, што нават калі яму адмовяць у завядзенні крымінальнай справы цяпер, то для старшыняў выбарчых камісій такія дзеянні не застануцца без увагі.

нг