Беларуская Служба

Зянон Пазьняк заклікае адкласці вулічнае святкаванне Дня Волі

22.03.2021 14:26
«Грамадства не падрыхтавана да моцнага масавага выступу. Выхад на вуліцу будзе нясвоечасовым і можа даць падставу пачаць пагром беларусаў».
Зянон Пазьнякфота: Agnieszka Kamińska, PolskieRadio.pl

«Складваецца нядобрая сітуацыя ў сувязі са святкаваннем Дня Волі 25 сакавіка», – піша ў Facebook Зянон Пазьняк. Ён лічыць, што ў сітуацыі, калі ідуць рэпрэсіі, «публічнае святкаванне Дня Волі з выхадам на вуліцы трэба было адкласці, прадбачліва змяніць форму свята».

«Грамадства не падрыхтавана яшчэ да моцнага масавага выступу ў гэты дзень, – працягвае палітык. – Выхад на вуліцу (няважна, у якой форме) будзе нясвоечасовым і можа даць падставу... пачаць пагром беларусаў».

Зянон Пазьняк перакананы, што трэба было б «назапасіць сілы» на будучыню, нягледзячы на тое, што Дзень Волі – «нацыянальнае сакральнае свята». «Тым не менш, дзеля будучай перамогі неабходна карэктаваць традыцыі, адзначыць, напрыклад, гэты дзень сямейнымі імпрэзамі, не выходзіць пад кулі, выйграць час, – піша Пазьняк. – Выхад на вуліцы, аднак, зараз спыніць не атрымаецца ніякімі аргументамі».

Лідар КХП-БНФ крытыкуе палітычныя сілы і телеграм-каналы, якія заклікаюць «да нясвоечасовага масавага выхаду на вуліцы». «Важна прасторавае пашырэнне прысутнасці людзей у горадзе, – лічыць Зянон Пазьняк. - ...Хай жа цяперашняе святкаванне Дня Волі будзе разумным і аб'яднае беларусаў вакол ідэалаў 25-га сакавіка, дасць вопыт, сілы і беларускі імпульс дзеля адраджэння нашай славы і свабоды».

нг