Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская пра суд над сваім мужам: «Гэта помста»

24.06.2021 09:46
У Гомельскім СІЗА пачынаецца суд над Сяргеем Ціханоўскім.
      :
Святлана Ціханоўская пра суд над сваім мужам: "Гэта помста» Foto: screen https://www.youtube.com/watch?v=795sU4GL4fM

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у дзень суду над яе мужам Сяргеем Ціханоўскім:

«29 мая 2020 года майго мужа Сяргея Ціханоўскага затрымалі прама на пікеце па зборы подпісаў. З тых часоў жыццё нашай сям'і – як і тысяч семʼяў беларусаў – вельмі змянілася.

З таго дня Сяргей ні разу не бачыў нашых дзяцей. Ён не чуў, як пяцігадовая Агнія пытаецца: »Мама, а тата дакладна не памёр?» І не чуў, як адзінаццацігадовы Карней адказвае ёй: «Наш тата – у закладніках у рэжыму».

Сяргей за гэты час не пайшоў на ніякія дамовы з рэжымам. Ён застаецца тым жа ганаровым і непахісным чалавекам, як на стрымах і плошчах.

Цяпер абсалютна ўсё роўна, які тэрмін запытае Сяргею, а таксама Мікалаю Статкевічу, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу той, хто называе сябе пракурорам, і які прысуд зацвердзіць той, хто называе сябе суддзём. Бо ўсе разумеюць, што гэта не суды, а персанальная помста і расправа ад таго, хто захапіў і трымае ўладу пры дапамозе гвалту.

Сяргей сказаў: «Я буду сядзець столькі, колькі дазволіць народ Беларусі». Народ Беларусі – гэта я і вы, гэта беларусы ў краіне і з дыяспары. І ад кожнага з нас залежыць тое, як хутка нашы героі вернуцца дадому, абнімуць блізкіх і разам будуць будаваць краіну для жыцця».

яс