Беларуская Служба

Доктару Уладзіміру Мартаву далі 7 сутак арышту за сцяжок

23.02.2022 17:40
Віцебскага лекара Уладзіміра Мартава асудзілі нібыта за «непадпарадкаванне міліцыі».
  .
Доктар Уладзімір Мартаў.Foto: Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Пра гэта напісала ў Facebook журналістка Таццяна Мацвеева са спасылкай на жонку лекара Алену Мартаву.

Справу Уладзіміра Мартава разглядалі ў лепельскім судзе. Са словаў Алены Мартавай, парушэннем прызналі тое, што на аватарцы ўрача быў размешчаны бела-чырвона-белы сцяжок.

«Таксама пытанні выклікала нейкая песня, ці то размешчаная Уладзімірам на яго старонцы як допіс, ці то запісаная на нейкім дыску, які ў яго забралі пры затрыманні», — напісала Тацяна Мацвеева.

«Вінаватым сябе муж на судзе не прызнаў», — адзначыла Алена Мартава.

Сваякі здолелі перадаць Мартаву лекі, у якіх ён мае патрэбу штодня.

Нагадаем, што віцебскага ўрача Уладзіміра Мартава затрымалі вечарам 22 лютага на яго лецішчы пад Лепелем.

Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў адкрыта гаварыў пра кавід і звязаныя з ім праблемы.

У сакавіку 2021 ён расказаў пра аварыю на кіслароднай станцыі бальніцы ў Віцебску, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў. Справу разглядала адмысловая камісія, Следчы камітэт, былі заявы ад Мінздароўя і Лукашэнкі. Вінаватых не знайшлі.

А з самім доктарам Мартавым не працягнулі кантракт.

"Наша Ніва" / вх