Беларуская Служба

У гродзенскай турме пачаўся суд па справе Мікалая Аўтуховіча - яму пагражае расстрэл

18.05.2022 13:28
На судовы працэс пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных.
Мікалай Аўтуховіч на судзе фота: БелТА

У гродзенскай турме пачаўся суд па справе Мікалая Аўтуховіча - яму пагражае расстрэл, паведамляе «Наша Ніва».

На судовы працэс пусцілі толькі двух сваякоў абвінавачаных. Іншых родных у залу судовых паседжанняў не пусцілі.

Мікалай Аўтуховіч заявіў адвод суддзі. Ён запатрабаваў замены Максіма Філатава, аднак заявіў, што будзе заяўляць адвод і любому іншаму суддзі. Пасля нарады Філатаў адмовіў у адводзе, бо для яго «няма падстаў».

Аб адводзе складу суда заявіў таксама Уладзімір Гундар. Суд таксама прыняў рашэнне аб адхіленні адводу ў сувязі з яго неабгрунтаванасцю.

Некалькі пацярпелых па сямейных і службовых прычынах не змаглі з'явіцца на пасяджэнне суда. Яны падалі пазоў аб разглядзе справы без іх прысутнасці.
У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак.

Галоўны фігурант крымінальнай справы, Мікалай Аўтуховіч, абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, шэсць з іх – за асабліва цяжкія злачынствы.
Адзін са складаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі).

Сярод дзеянняў, інкрымінаваных Мікалаю Аўтуховічу, – здрада дзяржаве, садзейнічанне ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці. А таксама шэраг іншых складаў злачынстваў, такіх як кантрабанда, акт тэрарызму.

Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей затрымалі яшчэ 1 снежня 2020 года. Іх абвінавачваюць у падпале аўтамабіляў і дамоў супрацоўнікаў міліцыі.
Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі».

Па справе таксама праходзяць Уладзімір Гундар (ужо асуджаны да трох гадоў калоніі паводле арт. 366 КК), Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы.

Паводле праваабаронцаў, працэс будзе весці Максім Філатаў, які вынес прыгавор актывісту Вітольду Ашурку. Пасля таго працэсу Філатаў пайшоў на павышэнне, цяпер ён працуе ў Гродзенскім абласным судзе.

вс