Беларуская Служба

Расійскі рэжым плануе інкарпараваць Беларусь да 2030 года – журналісты атрымалі дакументы Масквы

21.02.2023 07:59
Адносна Беларусі ў Пуціна такія ж мэты, як і адносна Украіны – розніца заключаецца толькі ў тым, што Беларусь хочуць заняць праз прымус, а не зброяй - прадстаўнік спецслужб.
 :
Два дыктатары: Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцінаўтар: Asatur Yesayants / Shutterstock.com

Журналістам удалося атрымаць дакументы Крамля, з якіх вынікае, што да 2030 года Масква збіраецца інкарпараваць Беларусь. Кансорцыум журналістаў з вялікіх еўрапейскіх рэдакцый правёў расследаванне, вынікі якога публікуе «Новая газета. Европа».

Дакумент налічвае 17 старонак, ён датуецца 2021 годам. Яго аўтэнтычнасць пацвердзілі незалежна ад сябе некалькі спецыялістаў, у тым ліку супрацоўнікі спецслужбаў. Дакумент утрымлівае мэты маскоўскага рэжыму ў розных галінах грамадскага і палітычнага жыцця.

У прыватнасці, з дакументу вынікае, што рэформа беларускай Канстытуцыі, рэферэндум па якой запланаваны ў лютым бягучага года, адбудзецца згодна з расійскімі палітычнымі інтарэсамі. Іншай важнай мэтай, згодна з дакументам, з'яўляецца «забеспячэнне пераважнага ўплыву Расійскай Федэрацыі ў галіне сацыяльнай палітыкі, гандлю, эканомікі, навукі, адукацыі і культуры».

Масква таксама збіраецца спрасціць працэдуру выдачы расійскіх пашпартоў беларускім грамадзянам. Такую стратэгію Крэмль выкарыстоўвае ў Паўднёвай Асеціі, Абхазіі і ў акупаванай частцы Украіны.

Да 2030 года плануецца адкрыць у Беларусі пункты здачы Адзінага дзяржаўнага экзамену – цэнтралізаванага іспыту для расійскіх сярэдніх навучальных устаноў.

Паводле ананімнага супрацоўніка адной з заходніх спецслужб, адносна Беларусі ў Пуціна такія ж мэты, як і адносна Украіны – розніца заключаецца толькі ў тым, што Беларусь хочуць заняць праз прымус, а не зброяй.

вс