Беларуская Служба

Апублікаваны індэкс свабоды прэсы-2023: Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі, Польшча паднялася на дзевяць

03.05.2023 10:02
 Па традыцыі Індэкс свабоды прэсы штогод абнаўляецца 3 траўня – у Сусветны дзень свабоды друку. У ім ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах.
Аўдыё

Беларусь краіна з пункту гледжання свабоды прэсы па-ранейшаму знаходзіцца ў чырвонай зоне, гэта значыць сітуацыя характарызуецца як «вельмі дрэнная». У рэйтынгу, падрыхтаваным «Рэпарцёрамі без межаў» (RSF), Беларусь знаходзіцца на 157-м месцы з 180 (год таму займала 153-ю пазіцыю).

У рэйтынгу за 2023 год адзначаецца, што ў 31 краіне сітуацыя ацэньваецца як «вельмі дрэнная», у 42 краінах – «складаная», а яшчэ ў 55 – «праблематычная». У той жа час характарыстыку «добрая» ці «даволі добрая» атрымалі 52 краіны.

RSF падкрэслівае негатыўнае ўздзеянне вайны ва Украіне, якая дазволіла пачаць заключную аперацыю па зачыстцы расійскага медыяландшафту ў 2022 годзе.

– Цень расійскай агрэсіі навісла над усім рэгіёнам, асабліва гэта прыкметна ў Беларусі, якая знаходзіцца пад кантролем Расіі, – акцэнтуюць увагу «Рэпарцёры без межаў».

Беларусь знаходзіцца ў чырвонай зоне, займаючы 157-е месца паміж Палясцінай і Нікарагуа. Ніжэй нашай краіны – Турцыя, Куба, М'янма, Кітай, Расія і іншыя краіны. У параўнанні з мінулым годам РБ апусцілася на чатыры пазіцыі (у 2022-м займала 153-е месца).

Сёмы год запар на 1-м месцы індэкса застаецца Нарвегія. На 2-м і 3-м – Ірландыя і Данія, адпаведна. У пяцёрку краін з найлепшымі паказчыкамі таксама ўвайшлі Швецыя і Фінляндыя.

Аўтсайдарамі рэйтынгу сталі выключна азіяцкія краіны: Вʼетнам (178-е месца), які паспяхова закрыў сезон палявання на незалежных журналістаў і каментатараў; Кітай (179-е месца), які зʼяўляецца найбуйнейшай у свеце турмой для журналістаў і адным з вядучых экспарцёраў прапагандысцкага кантэнту; і, што не здзіўляе, Паўночная Карэя (180-е месца).

– Сусветны індэкс дэманструе вельмі высокую валацільнасць існуючых сітуацый, са значнымі ўздымамі і спадамі, беспрэцэдэнтнымі зменамі, – пракаментаваў вынікі генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар. – Гэтая нестабільнасць зʼяўляецца следствам падвышанай у многіх краінах агрэсіўнасці ўладаў і росту колькасці праяў варожасці да журналістаў як у сацыяльных сетках, так і ў рэальным жыцці. Нестабільнасць таксама зʼяўляецца следствам росту індустрыі вытворчасці сімулякраў, якая фармуе і распаўсюджвае дэзінфармацыю, а таксама дае інструменты для яе вытворчасці.


У Індэксе свабоды прэсы ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах. У Індэксе свабоды прэсы ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах.

Інфаграфіка «Рэпарцёраў без межаў»


Трывожная тэндэнцыя: размыванне мяжы паміж журналістыкай і дэзінфармацыяй

Паводле ацэнак RSF, у 118 краінах палітычныя дзеячы або рэгулярна, або сістэматычна ўцягнутыя ў маштабныя кампаніі па дэзынфармацыі ці прапагандзе. Межы паміж сапраўдным і ілжывым, рэальным і штучным, фактам і артэфактам становяцца размытымі, што ставіць пад пагрозу само права на інфармацыю.

З трывожных тэндэнцый «Рэпарцёры без межаў» называюць рост папулярнасці штучнага інтэлекту, які «пераварвае кантэнт, каб выдаць кампіляцыі, што не вылучаюцца строгасцю і пэўнасцю».

Таксама арганізацыя звяртае ўвагу на бітвы прапаганды, кажучы пра сітуацыю ў Расеі (164-е месца ў рэйтынгу):

– Масква ў рэкордныя тэрміны стварыла новы медыяарсенал для насаджэння крамлёўскага дыскурсу на акупаваных тэрыторыях Украіны, у той час як магутны ціск быў аказаны на незалежныя расейскія СМІ, якія былі забароненыя, заблакаваныя і/або абвешчаныя «замежнымі агентамі».

ЗША (45-е месца) знізіліся на тры пазіцыі. Амерыканскія рэспандэнты негатыўна ацанілі становішча журналістаў (недахопы мясцовай заканадаўчай базы, шырока распаўсюджаны гвалт), нягледзячы на ўсе намаганні адміністрацыі Байдэна.

А Еўропа названая рэгіёнам, дзе ўмовы для журналістыкі лічацца найбольш спрыяльнымі, асабліва ў краінах Еўрапейскага Саюза.

Польшча знаходзіцца на 57 месцы, у рэйтынгу 2022 яна была на 66-ым, то бок за год, паводле ацэнкі «Рэпарцёраў без межаў», Польшча апынулася на дзевяць пунктаў вышэй.

«Нягледзячы на тое, што ў Польшчы разнастайны медыйны ландшафт, грамадская свядомасць аб свабодзе прэсы застаецца слабай. Пасля ператварэння дзяржаўных СМІ ў інструменты прапаганды ўрад памножыў спробы змяніць рэдакцыйную лінію прыватных СМІ і кантраляваць інфармацыю на далікатныя тэмы», – гаворыцца ў справаздачы.

baj.by / вх