Расія адпрацоўвала магчымыя пускі ракет па Польшчы і Германіі з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю «РБК-Украіна» расказаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі.
«Па-першае, мы бачым, як Расійская Федэрацыя з сакавіка вельмі актыўна праводзіць трэніроўку і адпрацоўку пытанняў нанясення ўдараў якраз «Кінжаламі». Па-другое, «Кінжал» зарэкамендаваў сябе з расійскага пункту гледжання: яны так лічаць, што гэта ракета, якую немагчыма збіць. Але на сёння гэта не так, і мы гэта бачым. Найноўшыя сістэмы заходняга ўзору дазваляюць знішчаць «Кінжал», – расказаў ён.
Скібіцкі заявіў, што ваенная разведка неаднаразова фіксавала падчас трэніровачных палётаў МіГ-31К (гэта носьбіты «Кінжала») на тэрыторыі Беларусі адпрацоўку пытанняў пуску ракет не толькі па тэрыторыі Украіны, але і па тэрыторыі Польшчы, Германіі.
«А гэта адзін з элементаў шантажу і ціску на міжнародную супольнасць, каб яны абмежавалі, а то і спынілі падтрымку Украіны», – кажа ён.
У кастрычніку «Беларускі Гаюн» паведамляў, што ў Беларусь прыляцелі тры МіГ-31К. Гэта была спецыяльная мадыфікацыя МіГ-31К. Акурат гэтыя знішчальнікі могуць несці на сабе гіпергукавыя аэрабалістычныя ракеты Х-47М2 «Кінжал» і здольныя запускаць іх на адлегласці на 2000 км.
16 кастрычніка на аэрадром «Мачулішчы» з РФ прыляталі тры ваенна-транспартныя самалёты Іл-76 ПКС РФ (RF-86902, RF-76722, RF-76724), якія цалкам маглі прывезці ракеты для запускаў з МіГ-31К.
Крыніца: Наша Ніва
нг