На канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» ён даў першае інтэрв'ю Свабодзе на новай пасадзе.
– Раскажыце пра сябе, хто вы, адкуль?
– Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся ў Баранавічах. З 2020 году ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай гісторыі. Калі трыа рухалася па Беларусі, быў у складзе каманды. Праехаў усе гарады з імі. На пачатку 2021 году выехаў за мяжу. Апошнім часам працаваў у Офісе Ціханоўскай. Увесь мінулы год і частку гэтага знаходзіўся ва Украіне, займаўся сувяззю з добраахвотнікамі, быў каардынатарам добраахвотніцкага руху ад Офісу Святланы Ціханоўскай.
– А ў 2020 годзе як вы трапілі ў каманду таго трыа?
– Там была ініцыятыўная група, я заявіўся ў групу Валерыя Цапкалы, займаўся зборам подпісаў. Пасля там змянілася сітуацыя, Валерый Вільямавіч выехаў, Вераніка далучылася да жаночага трыа, і я перайшоў у сумесную каманду.
– У вас цікавае мінулае, вы былі афганцам, выведнікам.
– Так, тэрміновую службу я служыў у вайсковай выведцы, мая вайсковая спецыяльнасць – выведнік. Служыў у Афганістане.
– Дык гэта толькі тэрміновая служба, далей вы не працягвалі?
– Не, толькі тэрміновая.
– Раскажыце пра вашу працу ў Офісе ў апошні час.
– Гэта была каардынацыя. Трэба было ўсталяваць дачыненні з усімі добраахвотніцкімі структурамі, якія зʼявіліся пасля 24 лютага 2022 году, знайсці пункты судакранання, зразумець, чым мы можам быць узаемна карысныя, якую трэба аказваць дапамогу. Мы адразу ўключыліся ў гэтую працу, завозілі аўтамабілі і іншыя рэчы, патрэбныя ваярам. Усталяваліся дачыненні з камандзірамі, асобнымі ваярамі. Была задача зразумець іх жаданні, пачуцці і дапамагчы ім рэалізавацца ў сілу нашых магчымасцяў.
– З палком Каліноўскага вы таксама супрацоўнічаеце?
– Так, у нас добрыя дачыненні з мінулага году, з самага пачатку. Першы раз мы выехалі туды ў сакавіку летась. Сустракаўся таксама з іншымі падраздзяленнямі, якія там ёсць, з асобнымі байцамі для разумення агульнай сітуацыі. Стараемся прыцягнуць да гэтага агульную ўвагу. Аказаць дапамогу і ў гэтым кірунку працаваць.
На сённяшні момант сітуацыя змянілася, і супрацоўніцтва пашырылася. Летась кіраўніцтва Украіны да беларускіх дэмакратычных сілаў ставілася калі не з ігнорам, то прахалодна, бо яны не зусім разумелі свае дачыненні з рэжымам і не хацелі сабе пашкодзіць, бо ж у нас 1064 кіламетры сумеснай мяжы. Так што летась сітуацыя была напружаная. Але сёлета ўсё змянілася. Яны пачулі дакладныя пасылы, цяпер працавалі такімі сінтэнт-групамі, страт-камандамі. Ёсць не менш за тры групы, якія працуюць непасрэдна па Беларусі. Таму мы спрабуем пашыраць супрацоўніцтва не толькі на вайсковы кірунак, на нашых добраахвотнікаў, але і на грамадзянскую супольнасць і наладжваць дачыненні з Украінай і дэмакратычнай Беларуссю. Пакуль.
– Дык перад вамі стаіць амбітная задача аб’яднаць усіх добраахвотнікаў, калі не ў адну структуру, то, прынамсі так, каб яны разам дзейнічалі на карысць Беларусі?
– Так. Наша задача – знайсці пункты судакранання. Мы павінны складаць як палітычны, так і вайсковы кірунак, каб у будучыні выпрацаваць агульную стратэгію. А таксама зразумець, якія ў нас ёсць агульныя пункты судакранання з кіраўніцтвам Украіны, каб у будучыні дзейнічаць разам.
– І вельмі коратка. Чым вы займаліся да 2020 году?
– Я займаўся бізнесам. У мяне ёсць фірма. Я быў дырэктарам. Займаўся і перавозкай аўтамабіляў, і нерухомасцю, здаваў яе ў арэнду.
– Вас у 2020 годзе затрымлівалі?
– Так, двойчы. Плюс затрымлівалі мае машыны. У мяне была «група таварышаў», якія займаліся бяспекай трыа.
***
6 жніўня ў Варшаве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада разам правялі канферэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмеркавалі супольныя дасягненні і няўдачы дэмакратычных сілаў, а таксама далейшыя планы і бачанне будучыні Беларусі.
Па выніках канферэнцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што звольніла Аляксандра Азарава, і абвясціла аб новых прызначэннях.
«Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандар Азараў працягнуў працу пры кабінеце па плане «Перамога» і каардынаваў супрацу з беларускім падполлем. Такім чынам, пазіцыя прадстаўніка ў аднаўленні правапарадку робіцца вакантнай, і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру», – сказала Святлана Ціханоўская.
Нацыянальная лідарка паведаміла, што ўзімку адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду, каб тая стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў. Перад выбарамі адбудзецца справаздача Каардынацыйнай рады.
Святлана Ціханоўская паведаміла, што кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве прызначыла Генадзя Манько, які цягам апошняга году адказваў за супрацу Аб’яднанага пераходнага Кабінету з палком Каліноўскага.
Маргарыта Ворахава стала дарадцай Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве.
Святлана Ціханоўская не абвяшчала цалкам склад Аб’яднанага пераходнага кабінету. Па выніках справаздачы паўнамоцтвы на наступны год пацвердзілі кіраўнікам блоку «Транзіт улады» – Паўлу Латушку, блоку «Замежныя справы» – Валеру Кавалеўскаму, блоку «Абарона і нацыянальная бяспека» – Валеру Сахашчыку і блоку «Нацыянальнае адраджэнне» – Аліне Коўшык.
Вакантнымі засталіся сілавы і эканамічны блокі пасля сыходу з іх, адпаведна, Аляксандра Азарава і Тацяны Зарэцкай.
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі – калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сіл Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 году Святланай Ціханоўскай. У кабінет, які займаецца дзейнасцю ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільні (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнесу і сілавога блоку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую нацыянальнай лідаркай.
svaboda.org / вх