Беларуская Служба

Грузаў сталі перавозіць менш, а пасажыраў – больш

01.09.2023 16:15
Мала якая сфера эканомікі так пацярпела ад санкцый і геапалітычнай напружанасці апошніх гадоў, як транспарт.
Аўдыё

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі па выніках сямі месяцаў 2023 года паведамляе аб падзенні грузаабароту на 22,4%. І гэта пасля таго, як за аналагічны перыяд мінулага года паказчык ужо ўпаў на 23,9 працэнта да студзеня-ліпеня 2021 года.

Можна бачыць, што за апошнія месяцы сітуацыя крыху палепшылася і глыбіня падзення ў галіны скарачаецца. Але, па-першае, гэта ўсё яшчэ падзенне. А па-другое, бягучыя падзеі накшталт перакрыцця памежных пераходаў з Літвой відавочна не дададуць энтузіязму для росту сферы транспарту, пішуць аўтары праекту «Кошт ураду».

На гэтым фоне сфера транспарта дэманструе рост пасажыраабароту. Па выніках сямі месяцаў бягучага года пасажыраабарот аказаўся на 11,3 працэнта вышэйшы за мінулагодні. На станоўчыя паказчыкі маглі паўплываць як зніжэнне альтэрнатыў падарожжаў за мяжу, так і цікавасць да адпачынку ў Беларусі з боку расіян.

Агульная карціна для сферы транспарту выглядае бязрадасна. Перспектыў ні для росту грузаабароту, ні для пасажыразвароту пакуль не праглядаецца. Занадта фундаментальнымі павінны быць зрухі ў палітыцы і эканоміцы для пераадолення наяўных праблем у гэтай галіне.

вх