Беларуская Служба

Беларусам, якія пражываюць за мяжой, больш не будуць выдаваць беларускія пашпарты па-за Беларуссю

05.09.2023 13:14
Цяпер гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства». 
Беларускі пашпартBy User: Ліцьвін - Own work, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7725233

Беларускія дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты беларусам, якія пастаянна жывуць за мяжой. Абмяняць пашпарт ці падоўжыць яго тэрмін дзеяння таксама будзе нельга. Такія змены прадугледжаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі, тэкст якога апублікаваны на ягоным сайце, піша zerkalo.io.

Раней беларусы, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі і знаходзяцца на консульскім уліку, маглі атрымаць або абмяняць пашпарт у пасольствах і консульствах.

Цяпер гэта можна будзе рабіць толькі «ў органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства». Ёсць і добрая навіна для тых, хто ўжо падаў дакументы аб атрыманні новага пашпарта за мяжой, яны будуць разглядацца ў ранейшым парадку.

Акрамя таго, выключаны пункт аб праве дыпламатычнага прадстаўніцтва або консульскай установы падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама абменьваць іх.

Пры гэтым выдача і абмен біяметрычнага пашпарта будуць ажыццяўляцца грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь, органам унутраных спраў або Міністэрствам замежных спраў, але не дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай.

Ураду Беларусі ў трохмесячны тэрмін даручана забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
Указ пакуль яшчэ афіцыйна не апублікаваны. Ён набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

ав/zerkalo.io