На XXXII Эканамічным форуме ў Карпачы адбылася панэльная дыскусія па міжнароднай палітыцы, мадэратарам якой выступіў намеснік прадстаўніка па замежных справах Кабінета Уладзімір Астапенка. У ёй прыняў удзел намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка, які прапанаваў 5 кірункаў агульнаеўрапейскай стратэгіі для Беларусі.
«У цэнтры Еўропы ідзе не адна, а адразу дзве вайны, развязаныя Расіяй. Супраць незалежнай еўрапейскай Украіны і супраць незалежнай еўрапейскай Беларусі.
Як і Украіне, нам патрэбныя праактыўныя саюзнікі, якія маюць стратэгію. На кожным з франтоў, дзе гэтая бітва ідзе:
Інфармацыйны фронт. Неабходна павялічыць падтрымку беларускіх незалежных СМІ – для пашырэння штатаў, навучання супрацоўнікаў, прасоўвання кантэнту. Мы павінны мець процівагу прапагандзе, скіраванай супраць дэмакратыі, ліберальных каштоўнасцяў, Еўропы і Захаду.
Культурны фронт. Неабходна павелічэнне падтрымкі грамадзянскага сектару і культуры, праектаў па захаванні беларускай ідэнтычнасці, прасоўванні нацыянальна-арыентаванай і праеўрапейскай свядомасці беларусаў – у супрацьвагу прарасійскай.
Эканамічны фронт. Беларусь стала «шэрай зонай» для абыходу санкцый, эканоміка і ВПК Беларусі і Расіі зліліся ў адзінае цэлае. Неабходна гарманізаваць санкцыі, увесці найстражэйшы кантроль за іх выкананнем. І зрабіць спансіраванне рэжыму максімальна дарагім для Расіі. Самы эфектыўны сродак – гандлёвае эмбарга. Вітаем гатоўнасць Польшчы, краін Балтыі зачыніць межы з Беларуссю для руху тавараў. Адначасова важна пакінуць магчымасць перамяшчэння для беларусаў.
Палітычны фронт. Для ўзмацнення патэнцыялу Кабінета неабходна прызнаць яго адзіным легітымным органам улады Беларусі. Прадстаўнікі рэжыму павінны ўсвядоміць: існуе міжнародна прызнаная альтэрнатыва. Гэта адна з умоў расколу эліт. Другая – выдача ордара на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.
Геапалітычны фронт. Беларусь – не «рускі свет», не сфера ўплыву Расіі.
Месца Беларусі – з Еўропай. І гэта падзяляюць усе нашы партнёры. Аднак час партнёраў павінен змяніцца часам праактыўных саюзнікаў, а «заклапочанасць» – рашучымі дзеяннямі. І гэта наша пасланне да Еўропы: Беларусь не рускі свет і не Расія.
Эканамічны форум у Карпачы – адна з найбуйнейшых палітычных і эканамічных канферэнцый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая адбываецца штогод.
CabinetBelarus / вх