Беларуская Служба

Што рабіць беларусам замежжа ў сувязі з прыпыненнем выдачы пашпартоў пасольствамі РБ? 

07.09.2023 15:29
Перш за ўсё, не ехаць у Беларусь, калі пагражае пераслед. Свабода і здароўе важнейшыя.
Беларускі пашпартфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/нг

Прадстаўніцтва па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі разам з Народнымі Амбасадамі Беларусі падрыхтавалі рэкамендацыі ў сувязі з адмовай рэжыму выконваць шэраг сваіх консульскіх абавязкаў:

І. Не ехаць у Беларусь, калі вам можа пагражаць пераслед. Свабода і здароўе важнейшыя. 

ІІ. Калі ў вас ёсць від на жыхарства ў краіне, вы можаце атрымаць «Пашпарт замежніка». Іх выдаюць шмат якія краіны, дзе жывуць беларусы: Польша, Літва, Германія, Аўстрыя, Ірландыя, Італія, Славенія, Іспанія, Чэхія, Грузія, Велікабрытанія, Эстонія, Нарвегія, Люксембург, Фінляндыя, Латвія і інш. 

Для атрымання пашпарта трэба звярнуцца ў адпаведную ўстанову МУС у краіне вашага знаходжання, напісаць заяву з просьбай выдаць «пашпарт замежніка» і абгрунтаваць, чаму ў вас няма магчымасці атрымаць пашпарт Рэспублікі Беларусі:

▪️Пасольствы Беларусі ад 07.09.2023 спыняюць выдачу пашпартоў і адмяняюць запісы ў консульствы.

▪️ Вам небяспечна вяртацца ў Беларусь, бо вас могуць арыштаваць на мяжы.

▪️З вашай краіны няма цягнікоў і самалётаў у Беларусь з-за еўрапейскіх санкцый.  

ІІІ. Калі вам пагражае пераслед па палітычных матывах у Беларусі — падавайцеся на міжнародную ахову і атрымлівайце жэнеўскі пашпарт або іншы від праязнога дакумента. Гэта складаны, але надзейны спосаб легалізавацца ў краіне і не залежыць ад пасольстваў ці ўладаў Беларусі. Падаць заяву на міжнародную ахову можна ў паліцыі, міграцыйнай і памежнай службах. 

Аб'яднаны Пераходны Кабінет працуе над прызнаннем нацыянальнага пашпарта Беларусі. Кожны беларус можа дапамагчы ў лабіяванні яго прызнання ў краіне свайго пражывання (неўзабаве мы апублікуем інструкцыі, як можна дапамагчы).

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

нг