Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская папрасіла Чэхію дапамагчы беларусам, у якіх сканчаецца пашпарт

10.11.2023 10:21
Таксама Ціханоўская падзякавала за супольную з беларускімі дэмсіламі візавую праграму МЗС «Грамадзянская супольнасць», якая дапамагае актыўным беларусам атрымліваць доўгатэрміновыя візы і дазволы на пражыванне ў Чэхіі.
.
С. Ціханоўская Фота: twitter.com/Sviatlana Tsikhanouskaya

9 лістапада лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім. Яна выказала падзяку за шчыльную супрацу чэшскага ўраду і структурамі дэмакратычных сілаў Беларусі, паведамляе belsat.eu.

Святлана Ціханоўская падзякавала чэшскаму МЗС за рашэнне Чэхіі прыняць пяцёх былых палітзняволеных і даць ім урадавыя стыпендыі і магчымасць атрымаць міжнародную абарону. Міністр пацвердзіў, што на 2024-2025 навучальны год вылучана яшчэ пяць урадавых стыпендый для навучання ў дактарантуры і магістратуры.

Таксама Ціханоўская падзякавала за супольную з беларускімі дэмсіламі візавую праграму МЗС «Грамадзянская супольнасць», якая дапамагае актыўным беларусам атрымліваць доўгатэрміновыя візы і дазволы на пражыванне ў Чэхіі.

Апроч таго, Ціханоўская папрасіла зрабіць новыя выключэнні з візавых абмежаванняў для ўсіх студэнтаў з Беларусі і для блізкіх сваякоў тых, хто не можа паехаць у Беларусь, каб яны маглі сустрэцца найбліжэйшым часам у Чэхіі.

Святлана Ціханоўская таксама папрасіла аўтаматызаваць працэс выдачы праязных дакументаў і пашпартоў замежнікаў для тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта Беларусі ды падрыхтаваць адмысловую інструкцыю з чэшскага боку, якая дапамагла б беларусам Чэхіі ў вырашэнні падобных сітуацый.

Нагадаем, што ў Чэхіі жыве больш як 40 беларусаў, якія зазналі катаванні сілавікоў падчас пратэстаў 2020 году. Вядзецца праца над пачаткам крымінальнай справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

эж