Беларуская Служба

У верасні ў Беларусь прыбылі два цягнікі з кампанентамі ядзернай зброі

10.11.2023 13:21
Для засакрэчвання перавозкі цягнікі ішлі праз стыкавы пункт Заольша, дзе праходзяць усяго два саставы ў суткі.
      .
Эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай у Беларусі. Ілюстрацыйны здымак YouTube/DepoMinsk/screen

Яшчэ два цягнікі з кампанентамі тактычнай ядзернай зброі прыбылі ў Беларусь у верасні, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

15-24 верасня на станцыю Прудок з расійскіх станцый Чабаксары і Патаніна прыйшло 26 вагонаў з кампанентамі ядзернай зброі, а таксама вагонаў, прызначаных для перавозкі персаналу і суправаджэння.

Каля Прудка размяшчаецца 2631-я авіяцыйная база захоўвання ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў.

Для засакрэчвання перавозкі цягнікі ішлі праз стыкавы пункт Заольша, дзе праходзяць усяго два саставы ў суткі.

Груз на цягніках адносіцца да класа «выбуховыя матэрыялы» і пазначаны ў дакументах як «боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў».

Асноўным бенефіцыярам гэтых перавозак, паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў, з'яўляецца беларуска-швейцарскае СТАА «ТРАНСРЭЙЛ-БЧ». Пры дапамозе гэтай кампаніі ў Беларусь з мая 2021 года па верасень 2023 года ў Беларусь прыбыло 127 вагонаў з грузамі ваеннага прызначэння.

Пры гэтым маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што саміх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі на дадзены момант няма.

вс