Беларуская Служба

Памёр інструктар палка імя Каліноўскага Мікалай Молакаў

10.11.2023 16:46
Мікалай Молакаў быў найстарэйшым байцом у палку Каліноўскага. 
Мікалай МолакаўСкрыншот відэа палка імя Каліноўскага

Пра смерць 71-гадовага Мікалая Молакава паведаміла прэс-служба палка імя Кастуся Каліноўскага.

«З вялікім шкадаваннем паведамляем аб сыходзе з жыцця выбітнай асобы – палкоўніка ў адстаўцы, інструктара палка імя Кастуся Каліноўскага Молакава Мікалая Мікалаевіча (1952-2023). Яго адданасць, мудрасць і досвед застануцца ў нашых сэрцах назаўжды. Выказваем шчырыя спачуванні сям'і і блізкім», – гаворыцца ў паведамленні.

Мікалай Молакаў быў найстарэйшым байцом у палку Каліноўскага. Яго спецыяльнасць – вайсковая разведка, ён прыйшоў дапамагаць абараняць Украіну ў якасці інструктара па выжыванні. Раней рыхтаваў разведчыкаў і спецназ. Хоць сам ён па паходжанні рускі, але быў грамадзянінам Украіны, а ў беларускім палку адчуваў сябе на сваім месцы.

Калі мужчына пасля пачатку вайны звярнуўся ў тэрабарону, яму адмовілі: «Вам жа вельмі шмат гадоў!» Узялі толькі на блокпост, ён прабыў там два дні і занудзіўся, зразумеў, што гэта не яго. У беларускім батальёне шматгадовы досвед афіцэра ацанілі і запрасілі ў свае шэрагі, паведамляе «Наша Ніва».