Беларуская Служба

Павел Латушка назваў колькасць ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі

10.11.2023 18:02
Латушка акрэсліў Лукашэнку «ваенным злачынцам, чалавекам, адказным за злачынствы супраць чалавечнасці».
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушкаt.me/CabinetBelarus/скрыншот

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ўзяў удзел у інаўгурацыі Эстонска-Беларускай канферэнцыі ў Таліне.

Палітык заявіў, што дэмакратыя, на яго думку, пачынаецца з адказнасці. Паводле яго, 2020 год даў магчымасць беларусам узяць адказнасць за свой цывілізацыйны выбар і што 2020 год – дасягненне беларускага народу.

«Супраць беларусаў была ўжытая сіла, але беларусы не адказалі на гэта гвалтам. Мы, беларусы, узялі адказнасць за цывілізаваны выбар. Мы адказныя і сёння, не перакладаем гэтую адказнасць на іншых. Але ці ўзяў дэмакратычны свет адказнасць за Беларусь? На жаль, не», – сказаў Латушка.

Палітык мяркуе, што пакуль Аляксандр Лукашэнка, якога ён назваў «ваенным злачынцам, чалавекам, адказным за злачынствы супраць чалавечнасці», не будзе стаяць пад пагрозай адказнасці, дэмакратыя ў Беларусі не пераможа.

У выступе Паўла Латушкі прагучала таксама лічба, якою ён ацэньвае колькасць беларусаў, што ў Беларусі сталі ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці.

«Злачынствы супраць украінскіх дзяцей, ваенныя злачынствы, 136 тыс. ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці ў перыяд з траўня 2020 па травень 2023 году – матэрыялы перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд», – сказаў Латушка.

вс