Беларуская Служба

Жазэп Барэль: ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі трэба

13.11.2023 13:31
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, які быў абвешчаны ў памяць пра 31-гадовага Рамана Бандарэнку, Высокі прадстаўнік ЕС выступіў з заявай у падтрымку беларускага народу.
Joseph Borell
Joseph Borell Shutterstock/martinbertrand.fr

«Пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае кардынальна пагаршацца. Рэжым зрабіў больш за 40 000 палітычна матываваных затрыманняў, распачаў не менш за 12 000 палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае амаль 1 500 палітычных зняволеных.

Прыкметна распаўсюдзілася практыка ўтрымання пад вартай у поўнай ізаляцыі ад знешняга свету, накіраваная супраць прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў, што цяпер знаходзяцца за кратамі. Чыстка палітычных партый і дзяржаўная палітыка далейшага абмежавання грамадзянскай прасторы ў Беларусі таксама ўзмацніліся.

Еўрапейскі Cаюз падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху і высока ацэньвае мужнасць і стойкасць беларускага народу, які працягвае адстойваць дэмакратыю і свае фундаментальныя правы і свабоды, нягледзячы на жорсткі ўціск.

Мы таксама аддаем належнае ўсім палітычным зняволеным, у тым ліку загінулым ад рук рэжыму ў выніку неналежнага абыходжання, жорсткасці і адмовы ў медыцынскай дапамозе, уключна з Вітольдам Ашуркам, Змітром Дудойцем, Аляксандрам Віхорам, Мікалаем Клімовічам, Змітром Сарокіным і Алесем Пушкіным. ЕС паўтарае сваё патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

Еўрапейскі Саюз разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі знаходзіцца ў авангардзе дзеянняў па забеспячэнні падсправаздачнасці ў рамках арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі – незалежнай і бесстаронняй платформы для збору, праверкі і захавання дакументацыі і доказаў сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. ЕС падтрымлівае Платформу палітычна і фінансава.
ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі трэба на яго па шляху да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая зʼяўлялася б часткай мірнай Еўропы».

яс/Вясна