Беларуская Служба

У Беларусі не хапае 4 825 лекараў-спецыялістаў

13.11.2023 15:20
Да гэтага прычыніліся пераслед за іншадумства і палітыка Міністэрства здароўя.
Медыцынаhttps://t.me/belhalat_by/8430

Нягледзячы на катастрафічны недахоп медыкаў у Беларусі, улады працягваюць праводзіць «зачысткі» як у дзяржаўных медыцынскіх установах, так і ў прыватных клініках.

Сотні медыкаў была вымушана пакінуць Беларусь з-за пераследу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за тры гады беспрэцэдэнтных рэпрэсій па крымінальных палітычных справах былі асуджаныя мінімум 35 лекараў, 15 з якіх прама цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Акрамя гэтага, дзясяткі лекараў прайшлі праз затрыманні, суды па адміністрацыйных справах і «суткі» ў нечалавечых умовах у ізалятарах па ўсёй Беларусі. Многіх медыкаў затрымліваюць наўпрост на працоўных месцах, пасля чаго судзяць за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаванне» або за «экстрэмісцкія» рэпосты навінаў незалежных СМІ.

Многіх лекараў звальняюць праз «няправільныя» палітычныя перакананні, а некаторым проста не падаўжаюць кантрактаў.

На 11 лістапада ў цэлым па Беларусі не хапае 4 825 лекараў-спецыялістаў, таму медыкі вымушаныя браць на сябе дадатковую нагрузку.

Улады рознымі спосабамі спрабуюць прымусіць маўчаць лекараў і запалохваюць іх. Так, напрыклад, праз месяц пасля шпіталізацыі палітвязня Віктара Бабарыкі ў красавіку 2023-га з калоніі ў наваполацкую гарадскую бальніцу са слядамі збіцця, былі затрыманыя мінімум пяць лекараў. У выніку па рашэнні суда чацвярых адправілі на «суткі», а адну жанчыну аштрафавалі на 3 700 рублёў. Прычынай масавых рэпрэсій у гэтай бальніцы стала перадача інфармацыі пра стан Бабарыкі.

Лекар-гастраэнтэролаг Аляксандр Трафімаў каментуе цяперашнюю сітуацыю з рэпрэсіямі і палітыкай Міністэрства аховы здароўя.

Аляксандр Трафімаў – лекар-гастраэнтэролаг, былы намеснік загадчыка Станцыі хуткай дапамогі ў Баранавічах, вядзе свой блог у Instagram.

«Цяпер у структурах аховы здароўя, няхай гэта будзе паліклініка або лякарня, ёсць спецыяльныя людзі, якія сочаць за атмасферай, настроем і паводзінамі медыкаў. І калі ёсць больш актыўныя медыкі, то з імі праводзяць прафілактычныя гутаркі».

Цяпер Аляксандр працуе ў Польшчы і дапамагае калегам, якія пераязджаюць з Беларусі, з уладкаваннем у новай краіне:

«Мы тут дапамагаем з дакументамі, з падрыхтоўкай да іспытаў, каб было крыху прасцей, таму што дарога ўжо пракладзена», – кажа Трафімаў.

яс/Вясна