Беларуская Служба

Арменія адмовілася ўдзельнічаць у саміце АДКБ у Мінску

14.11.2023 11:59
Пра гэта сказаў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян.
   .
Прэм'ер Арменіі Н. Пашынян Фота: Asatur Yesayants / Shutterstock.com

Нікол Пашынян паінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што не зможа прыняць удзел у саміце Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі (АДКБ) у Мінску. Саміт адбудзецца ў беларускай сталіцы 23 лістапада.

Пашынян выказаў надзею, што іншыя краіны – удзельніцы АДКБ «зразумеюць гэтае рашэнне».

Арменія ўжо не ўпершыню ігнаруе паседжанні з удзелам Расіі і Беларусі. 13 кастрычніка афіцыйны Ерэван адмовіўся ад удзелу ў саміце Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД) і не прыслаў свайго прадстаўніка ў Бішкек. Тады Арменія ўпершыню ў гісторыі праігнаравала саміт СНД.

Палітычныя эксперты выказалі думку, што армянскі бок зрабіў гэта на знак пратэсту супраць таго, што ягоныя партнёры ў СНД і АДКБ (найперш Расія) не падтрымалі армянаў падчас драматычных падзей у Нагорным Карабаху, а фактычна занялі пазіцыю Азербайджану.

У сярэдзіне кастрычніка прэзідэнт Арменіі Вагаґн Хачатур’ян падпісаў закон аб ратыфікацыі Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду, які, сярод іншага, раней выдаў ордар на арышт Пуціна. Цяпер Арменія абавязаная арыштаваць Пуціна, калі ён прыбудзе ў краіну.

яс/Радыё Свабода