Беларуская Служба

26 чалавек затрыманыя па «малочнай справе»

14.11.2023 15:39
Аляксандр Лукашэнка падчас нарады расказаў пра вялікую крымінальную справу ў малочнай галіне.
.
.Couleur/pixabay.com/CC0

Паводле яго слоў, выкрыта карупцыйная схема экспарту ў Расію прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, паведаляе Наша Ніва.

Генеральны дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў быў прызначаны на пасаду ў верасні 2019 года. Ён сфарміраваў сваю каманду з ліку набліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў, паводле слоў Лукашэнкі, «новую збытавую палітыку».

Як расказаў Лукашэнка, пасады начальнікаў філіялаў занялі былыя міліцыянты – з Барысаўскага РУВД і АБЭЗ, – былы кіроўца Скітава, былы кіраўнік барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў і сваякі гендырэктара.

Як адзначыў старшыня КДБ Іван Церцель, было затрымана 26 чалавек, на цяперашні момант 15 арыштаваны.

У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію, распавёў Лукашэнка.

«Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыю схемы не маглі ажыццяўляць без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў», – сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што там могуць быць і члены ўраду.

«Шляхам подкупу асобныя камерсанты атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі (масла, сыроў, іншай малочнай прадукцыі) на сваю карысць з магчымасцю закупкі па цане ніжэйшай за ўстаноўлены індыкатыў», – распавёў Лукашэнка.

Ён выказаў меркаванне, што падобная злачынная схема стала магчымай, таму што не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі. «Многія прапануюць праз біржу ўсё прадаваць і гэтак далей. Гэта ваша справа. Але як толькі замялі гэтых дзеячаў, пасадзілі куды трэба, зусім іншыя цэны на прадпрыемствах. І ўсё пачалося, спадар Субоцін (старшыня Віцебскага аблвыканкама – НН.), з Віцебскай вобласці. Можа быць, да вас. Але не дай бог (губернатараў папярэджваю) касякі будуць у вашу бытнасць, мала не падасца. Будзе аж у вачах цёмна, якімі б вы надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці», – сказаў ён.

«Я даручыў старшыні Камітэта [дзяржаўнай бяспекі] усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там нямерана. Усё павінна быць канфіскавана ў даход дзяржавы. Страту мы бачым. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы», – сказаў Лукашэнка.

Таксама ён выказаў незадавальненне працаю кіраўніка сваёй Адміністрацыі Ігара Сергеенкі і Наталлі Качанавай як упаўнаважанай па Мінску. «Разбяромся з усімі», – рэзюмаваў Лукашэнка.

ав/НН